Кіраўніца Эўракамісіі: Беларускія грамадзяне хочуць, каб выбары былі дэмакратычнымі

  • БелаПАН

Урсуля фон дэр Ляен

«Беларускія ўлады павінныя забясьпечыць прадстаўнічую і канкурэнтную палітычную барацьбу на выбарах у жніўні», — заявіла кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен сёньня на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту «Усходняга партнэрства».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Павага фундамэнтальных правоў і свабод надзвычай важная, — сказала Урсуля фон дэр Ляен. — Беларускія грамадзяне хочуць, каб выбары былі дэмакратычнымі».

Кіраўніца Эўракамісіі таксама заклікала вызваліць усіх палітычных актывістаў, затрыманых без дастатковых падставаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмены палохаюць толькі слабых» — уплывовыя эўрадэпутаты прапанавалі Лукашэнку два сцэнары

Сёньня праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтар «Вясна» накіравалі зварот спэцдакладчыкам ААН у сувязі з парушэньнем правоў затрыманага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы Віктара Бабарыкі.

«У сукупнасьці з заявамі ў дзяржаўных СМІ і выказваньнямі дзеючага прэзыдэнта на адрас Віктара Бабарыкі, якія відавочна парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці, мы разглядаем сёньняшнія дзеяньні праваахоўных органаў Беларусі як працяг незаконнага, палітычна матываванага ціску на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, які выкарыстоўваецца з мэтай прымусіць яго адмовіцца ад свайго рашэньня ўдзельнічаць у выбарах, а таксама пакараць яго за выказваньне свайго меркаваньня пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне», — гаворыцца ў звароце.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі