Па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя прыкладна 15 чалавек, заявіў Аляксандар Лукашэнка 12 чэрвеня падчас наведваньня Полацку, паведамляе БелТА.
«Шчыра скажу, у нюансы пакуль не пагружаны. У дэталях ня ведаю, што там адбываецца», — так Лукашэнка пракамэнтаваў крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», заявіўшы пра «неправамерныя дзеяньні замежнага банку ў Беларусі» і пра тое, што ён даручыў разабрацца ў гэтым старшыні Камітэту дзяржкантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» завялі крымінальную справуЛукашэнка расказаў, што прачытаў асноўныя матэрыялы справы і заявы. Паводле кіраўніка Беларусі, ёсьць поўная інфармацыя, што гэта былі «яго задумы», «ён утварыў гэтыя структурныя пракладкі тыпу „Прыватлізінгу“» — пад «ім» відавочна маецца на ўвазе Віктар Бабарыка.
«Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году»
Падчас сваёй прамовы Лукашэнка ні разу не згадаў імя патэнцыйнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, які доўгі час быў кіраўніком «Белгазпрамбанку», але відавочна меў на ўвазе менавіта яго.
«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... — заявіў Лукашэнка. — Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеяньні сьледчых носяць палітычны характар». Што сказаў Бабарыка пасьля ператрусу ў «Белгазпрамбанку». ВІДЭА«Працавалі па гэтым банку і па іх з 2016 году. Выявілі вывядзеньне грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасьць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лёндане... Але замежнікі інфармацыю нам (з 2016 году мы прасілі) далі толькі ў сьнежні мінулага году. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеяньні. Таму зьявіліся пытаньні», — сказаў Лукашэнка.
Пайшоў у прэзыдэнты, бо «рыльца ў пушку»
Паводле слоў Лукашэнкі, Віктар Бабарыка пайшоў у прэзыдэнты, бо «рыльца ў пушку» і «зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць кайданкі», «а ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязьнем сумленьня». «Але гэта яму не дапаможа», — заявіў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, па справе затрыманыя прыкладна 15 чалавек.
«Але ён не разумее іншага. Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсё расказалі. За 2 гадзіны прынесьлі 14 тысяч даляраў, потым яшчэ 600 тысяч або 800 тысяч даляраў. Там зьліткі золата, карціны, усё прынесьлі адразу, толькі не чапайце. Зь імі акуратна абышліся. Яны ўсе расказваюць. Таму яму давядзецца гэта ўсё расказаць», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы
«Хачу, каб ён трапіў на выбары»
Ён заявіў, што «нікога не баіцца» і што яму «нявыгадна» ціснуць на кагосьці цяпер, падчас перадвыбарчай кампаніі, але «нягоднікаў трэба было спыняць, таму што пачалі хаваць канцы ў ваду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо мы зробім нашу рэвалюцыю надзеі мірна, без крыві, альбо „Чаўшэску“» — вялікае інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам«І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасьць на Кіпры, як пры такой „лукашэнкаўскай дыктатуры“ ён стварыў гэтую ўласнасьць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... гэта ўсё трэба расказаць беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязьнем сумленьня мы яго ня зробім», — паабяцаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што па выніках расьсьледаваньня будзе запрошаны Інтэрпол і замежныя спэцыялісты, каб прааналізаваць дакумэнты і зрабіць высновы, і «будуць адказваць па законе, трэба — сядуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ціск на мяне». Бабарыка адрэагаваў на ператрус у «Белгазпрамбанку»Затрыманьні і ператрусы ў банку
11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.
Што казаў Бабарыка?
Віктар Бабарыка заяўляў, што хоць супраць яго «няма нічога», гэтая крымінальная справа — ціск на яго, «напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўлены палітычны характар», а віна фігурантаў «палягае ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі».
Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады рэалізуюць брутальную спэцапэрацыю супраць асноўных апанэнтаў Лукашэнкі, — Карбалевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прамога кампрамату на мяне няма». Бабарыка заявіў пра цынізм дзеяньняў уладаў