КДБ зьбіраў для Лукашэнкі дасье на горадзенскую пэнсіянэрку, якая праславілася пасьля стрыму Сяргея Ціханоўскага.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Што адбываецца ў Беларусі 7 чэрвеня
Кіраўнік Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Вакульчык паказаў журналістам дзяржаўнага тэлеканалу АНТ «справу бабулі» з Горадні, якая мае «два дамы на адной тэрыторыі».
«Бедалажка», — пакпіў з пажылой жанчыны генэрал-лейтэнант.
Паперы аказаліся ў адным партфэлі зь іншымі «гучнымі справамі», якія тычацца затрыманьня 29 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў. Неўзабаве пасьля дакладу пра горадзенку выказаўся і Аляксандар Лукашэнка.
Як пісала Свабода, 81-гадовая вэтэран працы Галіна Андрэйчык праславілася двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Назвала яго ў адказ «сынком» і выказалася крытычна ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і ўладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне цяпер арыштуюць?» Пэнсіянэрка з Горадні адказала Лукашэнку і БТДругі раз слава знайшла яе ў эфіры БТ 4 чэрвеня, калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі сьпіс прыватнай маёмасьці: кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус мінімум за 25 тысяч даляраў. Сыноў назвалі беспрацоўнымі.
На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу і кіраўнік краіны. Маўляў, 80-гадовая жанчына ў Горадні «крычала, гарлала», а сама жыве ў «палацы».
«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытаньне.
Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасьць. І не разумее, чаму мусіць за гэта апраўдвацца. У яе ёсьць катэдж, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі, якія эмігравалі туды пасьля вайны.
Стаж у яе 52 гады, выкладала эканамічную тэорыю ў горадзенскіх унівэрсытэтах. За гэты час ашчаджала грошы. Муж Валянцін Міхайлавіч Караўка пасьля Ленінградзкага палітэхнічнага інстытуту працаваў вядучым спэцыялістам па будаўніцтве, пайшоў з жыцьця 4 гады таму.
У Галіны Філіпаўны двое сыноў. Старэйшы працуе ў сфэры турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы — праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сфэры, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сыгналізацыю. Цяпер ён разам з маці, дапамагае ёй.
«Дык што, мы не маглі пабудаваць?» — зьдзіўляецца пэнсіянэрка.
Але аказалася, што цяпер фінансавай здольнасьцю пэнсіянэркі займаецца КДБ.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.