За ўдзел у акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага аштрафавалі адну зь лідэрак «Маці 328»

Тацяна Канеўская, архіўнае фота

5 чэрвеня суд у Гомлі прысудзіў штраф адной зь лідэрак руху «Маці 328» Тацяне Канеўскай за «актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Маецца на ўвазе акцыя падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, якая прайшла 7 траўня ў Гомлі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Міліцэйскі пратакол разглядаў судзьдзя Віктар Казачак. Тацяна Канеўская не адмаўляла, што 7 траўня была на плошчы Леніна.

«Я прыехала, бо даўно знаёмая зь Ціханоўскім. Я ўбачыла ролік, як яго затрымлівалі незразумелыя людзі. Для мяне было вельмі дзіўна, і мне хацелася даведацца: хто яго затрымліваў, за што. Таму я ішла на „нулявы кілямэтар“, каб даць камэнтар журналістам і даведацца — што зь Ціханоўскім», — сказала на судзе жыхарка Гомля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За ўдзел у акцыі падтрымкі Ціханоўскага з гамельчукоў ужо спагналі 1134 рублі

Яна выказала падзяку судзьдзі Віктару Казачаку.

«Мой сын быў супраць таго, каб я займалася палітыкай. Гадамі я не магла яго пераканаць, што сын павінен быць побач з маці. І вам гэта ўдалося за адзін суд — калі вы яго таксама судзілі за гэтую акцыю, дзякуй вам», — дадала Канеўская.

Суд пакараў яе штрафам у памеры 12 базавых велічынь (324 рублі).

За акцыю 7 траўня ўжо пакараныя 10 жыхароў Гомля і Жлобіна. Трое атрымалі па 15 сутак — Юры Ўласаў, Віталь Грыцкоў і Дзьмітры Лукомскі. Юрыю Ўласаву за іншую акцыю далі яшчэ «дадатковыя» 15 сутак.

З астатніх спагналі сумарна 1998 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мазыры затрымалі прыхільніка «Краіны для жыцьця» Дзяніса Коласа — другі раз за два дні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве пакаралі яшчэ адну ўдзельніцу сустрэчы з камандай Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі