«Затрыманьне вядомых палітычных актывістаў ня толькі перашкаджае працы патэнцыйных кампаніяў, але і запалохвае грамадзтва», — мяркуюць у АБСЭ.
Старшыня пастаяннага камітэту дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (ПА АБСЭ) Кірыякас Хаджыяні, яго намесьнік Міхаэль Лінк і дакладчыца Кары Генрыксэн выступілі 2 чэрвеня з супольнай заявай аб выбарчай кампаніі ў Беларусі.
«Калі да важных выбараў застаецца два месяцы, крытычна неабходна, каб беларускія ўлады рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня паўнавартаснага і адкрытага асяродзьдзя выбарчай кампаніі, — гаворыцца ў заяве. — Мы вельмі занепакоеныя тым, што затрыманьне вядомых палітычных актывістаў ня толькі стрымлівае працу патэнцыяльных кампаніяў, але і запалохвае грамадзтва.
Таму мы заклікаем улады праяўляць максымальную стрыманасьць напярэдадні важных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і спадзяёмся на вальнейшую абстаноўку за тую, што мы бачылі раней».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў ГорадніПадобную заяву зрабілі 1 чэрвеня кіраўнік дэлегацыі сувязяў зь Беларусьсю Эўрапарлямэнту Робэрт Бэдрань і дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі Аятрас Аўшравічус.
«Менш за тыдзень таму мы ўжо заяўлялі пра нашую заклапочанасьць і асудзілі рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці, — гаворыцца ў заяве. — На жаль, за апошнія дні мы сталі сьведкамі істотнага пагаршэньня сытуацыі.
Мы рашуча выступаем супраць дзеяньняў, якія былі зробленыя ў гэтыя выходныя і прывялі да затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, апазыцыйнага лідэра Мікалая Статкевіча, пазьней асуджанага на 15 сутак арышту, і дзясяткаў іншых людзей, якія прысутнічалі на мірных сходах для збору подпісаў па ўсёй краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз патрабуе вызваліць Ціханоўскага і СтаткевічаДзеяньні ў дачыненьні Ціханоўскага і Статкевіча ў заяве называюць правакацыямі і «чарговым замахам на асноўныя свабоды», затрыманых заклікаюць неадкладна вызваліць, «непрымальную хвалю рэпрэсіяў» — спыніць.
«У выпадку далейшых адвольных арыштаў і абмежаваньняў на свабоднае ажыцьцяўленьне беларускімі грамадзянамі сваіх палітычных правоў мы ня бачым іншага шляху, акрамя як дамагацца перагляду палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку новых санкцыяў у дачыненьні да службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі», — дадаюць у заяве.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.