Галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Цыркуноў паведаміў 1 чэрвеня дзяржаўнаму тэлеканалу «Гродна Плюс», што ў гэтай вобласьці жыве 11% ад усіх, хто захварэў на новы каранавірус у Беларусі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 1 чэрвеня, пацьверджана 43 403 выпадкі COVID-19. 11% ад гэтага — каля 4774 чалавек.
Цыркуноў заявіў, што ў вобласьці яшчэ ня «выйшлі на плято» ў колькасьці хворых, але набліжаюцца да таго, штодзённы прырост невялікі. «Выбухнога росту» інфэкцыяў, «як гэта адбылося ў іншых рэгіёнах», няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у БеларусіПры тым афіцыйная статыстыка па абласьцях Беларусі не публікавалася больш за месяц, а статыстыка з разьбіўкай па раёнах не публікавалася ніколі. На гэта ўжо скардзіліся ў ААН. 24 красавіка, калі апошні раз паведамлялася афіцыйная статыстыка па абласьцях, у Горадзенскай было ў амаль 14 разоў менш інфікаваных — 347.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя зь сярэдзіны траўня заяўляюць пра «выхад на плято» ў цэлай краіне, колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расьце.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апошні раз праводзіла прэсавую канфэрэнцыю аб каранавіруснай інфэкцыі 28 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія мэдыкі паскардзіліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта на «каранавірусныя надбаўкі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць?» Як гарадзенцы ратуюць мэдыкаў у час пандэмііШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.