Жыхары Горадні апазналі міліцыянта, які аказаўся на зямлі падчас патасоўкі на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні 29 траўня. Ён раней прымаў удзел у іншых «палітычных» справах.
Як выявілася, міліцыянтам на зямлі аказаўся старшы ўчастковы інспэктар грамадзкага пункту аховы парадку №2 (Ленінскі раён Горадні) старшы лейтэнант міліцыі Ўладзімер Казлоўскі.
Што адбылося?
Падчас мітусьні на Савецкай плошчы, калі гарадзенцы хацелі абараніць блогера Сяргея Ціханоўскага ад «жанчын-правакатарак», малады міліцыянт аказаўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзеньні і не дапамаглі сесьці на лаву. Неўзабаве пасьля гэтага інцыдэнту Ціханоўскага затрымалі апамаўцы, разам зь ім затрымалі яшчэ больш за 10 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў ГорадніЗьявілася відэа, як чалавек у скураной куртцы акуратна кладзе міліцыянта на зямлю. Гарадзенец Яўген Разьнічэнка расказаў Свабодзе, што гэта ён быў у эпіцэнтры падзей. Па словах Яўгена, супрацоўнік унутраных органаў сам упаў на яго, бойкі не было. Гарадзенец проста падтрымаў участковага, каб той ня ляснуўся аб зямлю. 30 траўня яго затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Горадні2020 год, справа Ціханоўскага
30 траўня стала вядома, што заведзеная крымінальная справа за гвалт у дачыненьні да двух супрацоўнікаў унутраных спраў, якія шпіталізаваныя. Артыкул прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Інтэрнэт-карыстальнікі зьвярнулі ўвагу на супярэчнасьць. Міліцыянт, калі ўпаў, ляжаў амаль выпрастаны, а потым, як сядзеў на лаве, схіліўся і трымаўся за жывот.
Горадзенскі партал Hrodna.Life паведамляў празь некалькі гадзін пасьля інцыдэнту, што ў міліцыянта ўдар пярэдняй брушной сьценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да лекараў зьвярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, яму шпіталізацыя не патрабавалася.
Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў шпіталь не адразу пасьля інцыдэнту, а празь нейкі час.
Справы Казлоўскага
Гарадзенцы расказалі Свабодзе, у якіх справах раней быў заўважаны міліцыянт Уладзімер Казлоўскі.
2017 год, справа «Крыгі»
«Крыга» — нефармальная культурная пляцоўка Горадні, дзе ладзіліся выставы, дыскусіі, прэзэнтацыі кніг. Усяго за 8 гадоў прайшло каля 100 імпрэзаў. Гэта быў беларускамоўны асяродак. У 2017 годзе ўлады выказалі незадаволенасьць тым, што ўласьнік галерэі Юрась Мацко зрабіў незаконную перапляніроўку: закрыў гіпсакардонам вакно і ўставіў дзьверы ў памяшканьні. Пазьней два пакоі «Крыгі» апячаталі і забаранілі туды ўваход. У 2018 годзе «Крыга» закрылася. Ёй на зьмену прыйшоў «Цэнтар гарадзкога жыцьця», які першапачаткова месьціўся ў памяшканьні побач.
Калі ўпершыню ў «Крыгу» прыйшла камісія ў складзе супрацоўнікаў ЖЭС і міліцыянтаў, сярод іх быў і Ўладзімер Казлоўскі.
2017 год, справа філёзафа-анархіста
За месяц да візыту камісіі ў «Крыгу» у гэтым жа памяшканьні ладзіўся выступ расейскага філёзафа-анархіста Пятра Рабава. Падчас лекцыі ў галерэю ўвайшлі міліцыянты і затрымалі каля 20 чалавек. Сам Рабаў атрымаў 6 сутак арышту за дробнае хуліганства і распаўсюджваньне «экстрэмісцкай» інфармацыі. Іншых удзельнікаў сустрэчы неўзабаве адпусьцілі.
Адзін з затрыманых расказаў, што падчас ягонага апытаньня прысутнічаў Уладзімер Казлоўскі.
«Вадзіў нас па аддзяленьні. З маіх назіраньняў, у яго [Казлоўскага] была роля прыслугі: адвядзі, прывядзі, выправадзі. Стаяў, маўчаў», — падзяліўся ўражаньнямі суразмоўца.
2017 год, інтэрнэт-пікет
Пасьля затрыманьня сябра АГП Васіля Палякова за тое, што ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг пасьля дазволенага мітынгу, беларусы пачалі інтэрнэт-пікет. Яны рабілі фота з нацыянальным сьцягам і падпісвалі яго «Такія, як Васіль». Жыхарка Горадні Вольга Верамеенка аказалася сярод тых, каго выклікалі ў міліцыю за ўдзел у акцыі. Яна расказала Свабодзе, што яе апытваў Уладзімер Казлоўскі.
«Ставіўся паважліва, без нэгатыву. Нейкай адмоўнай рэакцыі ў мяне ня выклікаў. Так, звычайны вінцік. Трохі нэрваваўся, можа, гэта першыя былі пратаколы на актывістаў. Казаў, што яму загадалі, ён тут ні пры чым, „вы ж разумееце“. Сяржук [муж Вольгі] яму лекцыю прачытаў, то ён стараўся хутчэй усё зрабіць і адправіць нас», — расказвае Вольга.
У выніку Вольгу апраўдалі па гэтай адміністратыўнай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых перавезьлі на Акрэсьціна, траіх выпусьцілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На міліцыянта наваліліся. Правакацыя...». Што Лукашэнка сказаў за 4 гадзіны да затрыманьня Ціханоўскага ў ГорадніЗатрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.