Каля дома жанчыны, якую ў інтэрнэце называюць «правакатаркай» з сустрэчы Ціханоўскага, дзяжурыць міліцыя

Жанчына, якая прыйшла на пікет з удзелам Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня. Пасьля інцыдэнту зь ёю Ціханоўскага і шэраг ягоных паплечнікаў затрымалі

Карэспандэнт Свабоды пабачыў машыну міліцыі і двух міліцыянтаў каля пад’езду, дзе жыве жанчына.

Алену К. карыстальнікі інтэрнэту апазналі як удзельніцу сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім у Горадні. Пасьля інцыдэнту з жанчынай, падобнай да Алены К., і яе сяброўкай, Ціханоўскага затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паведаміў пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня Ціханоўскага з паплечнікамі

Суседка Алены К. пацьвердзіла, што гэтая жанчына з Бабруйску і ўжо два гады наймае гэтую кватэру ў Менску. Кажа, што сёньня яе шукалі міліцыянты, пыталіся, ці тут жыве «такая поўная». Жыве жанчына з маці і дачкой.

«Я ня ведаю, што яна сабой уяўляе, я думаю, яна нідзе не працуе. Казала, нібыта ў цырульні, сьпіць да 12-й, да 13-й. Маці такая сур’ёзная жанчына, на пэнсіі», — сказала суседка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў Горадні

Адна з суседак лічыць, што гэтая жанчына ўдзельнічала ў стрыме Ціханоўскага.

Каля 16.00 у двор заехаў пажарны аўтамабіль. Супрацоўнікі МНС падняліся на пад’ёмніку да пятага паверху і паспрабавалі трапіць у адну з кватэр праз гаўбец.

Суседзі кажуць, што гэта кватэра Алены К. і мяркуюць, што ў кватэру не пускалі міліцыю. Пасьля гэтага міліцыя зьехала.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі