Затрымалі Яўгена Разьнічэнку, які расказаў Свабодзе, пры якіх абставінах апынуўся на зямлі міліцыянт падчас інцыдэнту на зборы подпісаў за Ціханоўскую ў Горадні. Уначы Разьнічэнка перастаў выходзіць на сувязь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў ГорадніРазьнічэнка ўвечары 29 траўня запісаў галасавое паведамленьне і разьмясьціў яго ў тэлеграм-чаце «Страна для жизни». Ён паведаміў, што гэта ён укладваў міліцыянта на асфальт.
«Хутчэй за ўсё паспрабуюць прышыць „крыміналку“. Калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў», — сказаў Яўген Разьнічэнка.
Яўген перастаў выходзіць на сувязь каля 1 гадзіны ночы 30 траўня.
Яўгену Разьнічэнку 35 гадоў, ён будаўнік. Нядаўна вярнуўся з працы ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей ЦіханоўскіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага актывіста, які пайшоў падтрымаць Ціханоўскага пад будынкам міліцыі, затрымалі
Затрыманьні на пікеце Ціханоўскай у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.