Ахвярай каранавірусу стане беларуская тэлепраграма на Беласточчыне

Тэлепраграма па-беларуску зьнікне зь вяшчаньня польскай тэлевізіі на Беласточчыне акурат на праваслаўны Вялікдзень.

Кіраўнік Беластоцкага аддзяленьня польскай тэлевізіі Эўгеніюш Шпакоўскі сьцьвярджае, што гэта зьвязана зь неабходнасьцю эканоміць сродкі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. У той жа час тэлебачаньне нядаўна атрымала 2 мільярды злотых зь дзяржаўнага бюджэту.

Шпакоўскі, які ўзначальвае рэгіянальнае тэлебачаньне ад 2016 году, лічыць, што праграмы для нацыянальных меншасьцяў павінны быць «прыватызаваныя», а польская тэлевізія будзе купляць іх прадукцыю для паказу. Разам зь беларускай, гэта будзе тычыцца і праграмаў іншых мяншыняў — літоўскай, украінскай, расейскай.

Штотыднёвая 20-хвілінная праграма «Беларускі тыдзень» выходзіла на Беласточчыне 23 гады.