Прадпрыемства працуе ў штатным чатырохзьменным рэжыме, на карантын не закрываецца, расказаў гендырэктар «Віцьбы» карэспандэнту Свабоды.
«Людзі хварэюць, гэта так. Але пакуль абыходзімся тымі сіламі, якія ёсьць. Усе чатыры цэхі працуюць у штатным рэжыме», — сказаў карэспандэнту Свабоды дырэктар прадпрыемства Аляксандар Гідрановіч.
Супрацоўнікі «Віцьбы» напісалі Свабодзе, што ў іх «пачалася паніка ў сувязі з захворваньнем рабочых вафэльнага цэху»:
«У нас штодня мінус адзін чалавек. Рабочыя трапляюць у лякарню з пнэўманіямі. У той час як начальства пайшло альбо ў адпачынак, альбо на дыстанцыйную працу дадому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая сьмерць ад каранавірусу ў Віцебску: мужчына 70 гадоўПаводле дырэктара, супрацоўнікаў, якія сябе дрэнна адчуваюць ці маюць тэмпэратуру, на прадпрыемства не пускаюць. Але зьмены ў працы «Віцьбы» будуць тады, «калі захварэе палова народу і ня будзе каму хадзіць на працу».
«Тады ва ўсіх будуць зьмены, — кажа дырэктар. — Але пакуль ёсьць вялікі попыт на прадукцыю, чаму не працаваць? Трэба працаваць, зарабляць грошы, каб было потым за што купіць лекі і харчы».
Аб’ёмы вытворчасьці «Віцьбы» не паменшыліся, вырабляецца тысяча тон прадукцыі за месяц.
Аднак ад каранавірусу на прадпрыемстве робяцца захады бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскую лекарку, яка напісала пост пра сытуацыю з COVID-19, выклікалі ў пракуратуру. Яна і там заклікала да карантыну«Ужо амаль тыдні тры ў кожнага, хто прыходзіць на прадпрыемства, мераецца тэмпэратура, апрацоўваюцца рукі. Усе работнікі на тэрыторыі, якія кантактуюць адзін з адным, носяць маскі; патокі зьменаў разьведзеныя, каб людзі не сустракаліся. Таксама перасунуты час абедаў.
Каго змаглі накіраваць на дыстанцыйную працу, тыя пайшлі, але гэта вельмі невялікая колькасьць людзей, якія могуць працаваць за кампутарам, альбо зь юрыдычнай службы. А так усё ў штатным рэжыме. На тэрыторыю прадпрыемства заяжджае толькі транспарт, які прывозіць сыравіну і выяжджае. Усім пабочным уваход забаронены».
«Віцьба» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў кандытарскай галіны. Тут працуе каля 1,3 тысячы чалавек. Знаходзіцца ў камунальнай уласнасьці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ