У рэдакцыю Свабоды даслалі копію ліста ад бацькоў першаклясьнікаў Ракаўскай сярэдняй школы. У школе заўсёды выкладалі па-беларуску, але цяпер там зьбіраюць подпісы, каб з другой клясы дзеці вучыліся па-расейску. Дырэктарка школы і чыноўнікі Валожынскага райвыканкаму кажуць, што пра гэта ня чулі.
«Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай...»
Копію ліста, які зьявіўся ў бацькоўскім чаце, даслала Свабодзе маці аднаго з вучняў пачатковай школы.
«Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай, што прыводзіць да непазьбежнага паніжэньня ўзроўню адукацыі нашых дзяцей... Дзеці дрэнна засвойваюць матэрыял, паколькі ён падаецца на беларускай мове, узьнікаюць цяжкасьці пры рыхтаваньні хатніх заданьняў, паколькі дзеці не разумеюць гэтых заданьняў».
І яшчэ адзін аргумэнт у лісьце: «у бацькоў адсутнічае сыстэма кантролю за выкананьнем хатніх заданьняў, бо яны не валодаюць беларускай мовай».
Таму бацькі просяць даць магчымасьць навучаньня з другой клясы «на роднай расейскай мове».
Паводле «Нашай Нівы», у сьнежні ў Ракаўскую сярэднюю школу прыяжджалі чыноўнікі Валожынскага райвыканкаму, каб сустрэцца з бацькамі будучых першаклясьнікаў. Нібыта бацькі прасілі ў наступным навучальным годзе зрабіць расейскамоўную клясу, і раённае начальства хоць і зацікаўленае, каб школа заставалася беларускамоўнай, але вымушана будзе рэагаваць, калі бацькі будуць настойваць.
«Ракаўская школа — умоўна беларускамоўная»
Жанчына, якая даслала ліст у рэдакцыю, ня хоча называць у публікацыі сваё імя. Яе дзіця вучыцца ў пачатковай школе.
«Калі мы прынесьлі дакумэнты ў Ракаўскую школу, у нас адразу запыталіся: „А ці вы ведеце, што школа беларускамоўная?“ Адказваю: „Вядома, ведаем, вельмі гэтаму рады!“
Але папраўдзе ўсё выявілася не зусім так, Ракаўская школа — умоўна беларускамоўная, скажам так. Усе дадатковыя заняткі праводзяцца па-расейску, некаторыя прадметы, да прыкладу, ангельская мова, выкладаюцца праз расейскую мову. Усе сьвяты, кшталту Новага году, усе ранішнікі таксама па-расейску. Днямі дзіцяці даручылі вывучыць два вершы для віншаваньня мам на ранішнік 8 сакавіка — на расейскай мове», — расказала жанчына.
Наконт ліста з просьбай паставіць подпіс, каб з другой клясы дзеці вучыліся па-расейску, яна кажа, што пакуль усё робіцца «ціха», подпісы зьбіраюць праз бацькоўскія чаты.
Яе сям’я зьбіраецца пісаць пэтыцыю, каб Ракаўская сярэдняя школа засталася беларускай і не было такіх «паэтапных» пераводаў клясаў на расейскую мову. Пагатоў у Ракаве беларускамоўны дзіцячы садок, падкрэсьлівае жанчына.
«Мы таксама будзем зьбіраць подпісы і адстойваць беларускамоўнае навучаньне. Каму не падабаецца вучыцца па-беларуску — няхай райвыканкам арганізуе падвоз дзяцей у бліжэйшыя расейскамоўныя школы. Да таго ж сталічная Каменная горка недалёка ад Ракава», — кажа яна.
Мясцовыя чыноўнікі: «Першы раз чуем. Калі будуць заявы ад бацькоў — будзем разглядаць»
Дырэктарка Ракаўскай сярэдняй школы Ганна Віктаровіч паведаміла Свабодзе, што яна першы раз чуе пра збор подпісаў за перавод ракаўскіх першаклясьнікаў на навучаньне з наступнага навучальнага году па-расейску.
«Пакуль ў мяне такой інфармацыі няма. У нас цалкам беларускамоўная школа, няма ніводнай расейскамоўнай клясы. Школа даволі вялікая — па тры-чатыры паралелі ў кожнай клясе, усе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Пакуль у мяне ніякіх зваротаў ад бацькоў першакляснікаў няма. Калі будуць заявы ад бацькоў — будзем разглядаць. Рашэньне будзе прымаць райвыканкам. Але пакуль заўчасна казаць пра гэта», — сказала Ганна Віктаровіч.
Аднак ці будзе ў новым навучальным годзе прыём у расейскамоўную клясу, пакуль невядома, вынікае з адказу дырэктаркі Ракаўскай школы Ганны Віктаровіч.
«Заявы ў першую клясу будуць прымацца толькі з чэрвеня. Так што пакуль казаць пра набор у расейскамоўную першую клясу таксама заўчасна», — кажа Ганна Віктаровіч
Паводле папярэдняй інфармацыі, набіраць у Ракаўскую сярэднюю школу будуць 3-4 першыя клясы.
Намесьнік старшыні Валожынскага райвыканкаму Ігар Шакун заявіў Свабодзе, што пакуль не гатовы адказаць, ці зьявяцца ў наступным годзе расейскамоўныя першая і другая кляса.
«У мяне зараз ніякіх заяваў бацькоў, подпісаў няма. Калі зьявяцца — будзем разьбірацца. Пакуль гэта ўсё на ўзроўні чутак. У Ракаве цалкам беларускамоўная школа, і наагул пакуль не разглядаецца пытаньне, каб зрабіць там расейскамоўныя клясы», — кажа Ігар Шакун.
Фэлікс Янушкевіч: «Ня думаю, што тутэйшыя будуць змагацца за расейскую мову»
Ракаў — мястэчка за 25 кілямэтраў ад сталіцы. Заўсёды Ракаў быў беларускамоўны сваім духам, школа і дзіцячы садок там беларускія.
Мастак Фэлікс Янушкевіч, стваральнік Арт-галерэі «Янушкевічы», нарадзіўся і ўсё жыцьцё жыве ў Ракаве. Кажа, што такія захады — стварыць расейскамоўныя клясы — рабіліся ўжо не адзін раз.
«Але ніколі да адкрыцьця расейскамоўных клясаў не даходзіла. Нават калі я вучыўся. Заўсёды Ракаўская школа была беларускамоўнай. У Ракаве моцная беларускамоўная сытуацыя, гэта ж вёска, а ня горад і нават не гарадзкі пасёлак.
Я жыву ў цэнтры, мае суседзі ўсе тутэйшыя. Ня думаю, што мясцовыя будуць змагацца за расейскую мову. На ўскраіне ёсьць вуліца з новымі катэджамі, але, як мне падаецца, тыя, хто перасяліліся ў Ракаў і пабудаваліся тут, маюць бізнэс у Менску і сваіх дзяцей возяць у прэстыжныя сталічныя гімназіі, а не аддаюць у вясковую школу. Нават ня ведаю, хто ініцыяваў збор подпісаў», — выказаў думку мастак Фэлікс Янушкевіч.
ІТ-шнік, шматдзетны бацька Максім Капран раней стала жыў у мястэчку, ягоныя старэйшыя дочкі вучыліся ў Ракаўскай сярэдняй школе. Цяпер сям’я прыяжджае ў Ракаў толькі на выходныя і на лета, а цягам працоўнага тыдня жыве ў сталічным мікрараёне Сухараве — у малодшых дзяцей шмат гурткоў, заняткаў у спартовых сэкцыях у сталіцы.
«Я цалкам дапускаю, што людзі могуць дамагацца пераводу клясаў на расейскую мову. Я ня думаю, што гэта „наяжджомыя“ ці тыя, у каго „русский мир“ у галаве. Бацькі арыентуюцца на тое, што дзеці вышэйшую адукацыю ў Беларусі на беларускай мове атрымаць ня змогуць. Людзі проста з прагматычных меркаваньняў могуць пераводзіць дзяцей у расейскамоўныя клясы», — разважае Максім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малое ня ведае слова «карандаш» — і яму ставяць «затрымку псыхічнага разьвіцьця». Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лягапэда