У Эўрапарлямэнце патлумачылі, чаму адмянілі сустрэчу зь беларускімі дэпутатамі

Авальная заля Дома Ўраду, архіўнае фота

У прэс-службе камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту Свабодзе адказалі, чаму дэлегацыя Эўрапарлямэнту 26 лютага адмяніла сустрэчу зь беларускімі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў за 15 хвілін да пачатку.

Што адбылося?

Цягам 24–28 лютага ў Менску і Горадні праходзіць візыт дэлегацыі Эўрапарлямэнту. 26 лютага дэлегацыя адмяніла заплянаваную раней сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Што кажуць у Эўрапарлямэнце?

Сустрэчу адмянілі, бо беларускі бок не прапанаваў фармат сустрэчы, які б задаволіў дэпутатаў Эўрапарлямэнту, сказалі Свабодзе ў прэс-службе камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту.

«Цяпер Эўрапарлямэнт ня мае афіцыйных дачыненьняў зь Беларусьсю. Але каб падтрымаць дыялёг, у праграме візыту дэлегацыі былі сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу Беларусі. Але беларускі бок не прапанаваў фармат сустрэчы, на які б пагадзіліся дэпутаты Эўрапарлямэнту», — сказалі ў прэс-службе камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту.

Паводле крыніцы БелаПАН у Эўрапарлямэнце, беларускі бок вырашыў не праводзіць сустрэчу ў загадзя ўзгодненым фармаце.

Што кажуць у Палаце прадстаўнікоў?

Паводле старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных, беларускія дэпутаты «былі гатовыя да дыялёгу ў кантэксьце нашых традыцыйных каштоўнасьцей у беларускай зьнешняй палітыцы». Ён выказаў спадзяваньне, што некалі эўрапейскія партнэры зразумеюць каштоўнасьць «адкрытай палітыкі» беларускіх дэпутатаў.

Ананімная крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускі бок пра адмену сустрэчы апавясьцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку.

«Відаць, у апошні момант варухнуўся стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парлямэнт, то ня могуць зайсьці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў межы цьвярозага розуму, — адзначыў суразмоўца. — Адмаўляцца ад дыялёгу, калі мы маем разьвіцьцё адносін зь іншымі структурамі па розных тэмах, выглядае безадказным».

Што важна ведаць пра візыт дэпутатаў Эўрапарлямэнту ў Беларусь?

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту прыбыла ў Беларусь 24 лютага. Да 28 лютага новаабраныя чальцы Эўрапарлямэнту маюць пазнаёміцца з сытуацыяй у Беларусі і акрэсьліць асноўныя кірункі супрацы. Акрамя Менску, яны таксама наведаюць Горадню, дзе ацэняць рэалізацыю шэрагу праектаў, фінансавую падтрымку якіх ажыцьцяўляе Эўразьвяз.

Былі заплянаваныя сустрэчы эўрадэпутатаў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазыцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта жанчынам ісьці ў палітыку ў аўтарытарнай і патрыярхальнай краіне? Адказваюць Канапацкая, Стужынская і Шуст