Аляксандар Лукашэнка 4 лютага заявіў, што ў стасунках з Расеяй «нейкі момант ісьціны наступіў», і што ён мае асабіста сустрэцца з Уладзімірам Пуціным 7 лютага. Прэс-сакратар Пуціна, які да таго казаў, што такіх кантактаў не плянуецца, пасьля заявы Лукашэнкі пацьвердзіў дату сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: з Пуціным «момант ісьціны» і «ламаць адносіны», з ЗША «пэрыяд холаду скончыўся»У мінулым сьнежні перамовы Пуціна і Лукашэнкі пра «паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі выклікалі ў Менску і іншых гарадах Беларусі хвалю вулічных пратэстаў. Цяпер жа на пратэсты ніхто з апазыцыі не заклікаў.
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які ў сьнежні заклікаў на акцыі і фактычна ўзначаліў пратэст, сказаў Свабодзе, што цяпер ня чуў анонсаў мітынгаў, зьвязаных з сустрэчай кіраўнікоў Беларусі і Расеі.
«Мы паглядзім, што там 7-га будзе адбывацца, і па выніках будзем вырашаць, — тлумачыць Севярынец. — Пакуль выглядае на тое, што яны не дамовіліся. Ведаючы іх, можна сказаць, што ў іх праблемаў на не адну сустрэчу. У залежнасьці ад таго, што яны там пагавораць і што за тэмы будуць фігураваць, мы будзем прымаць меры.
Мы ў любым разе пільна сочым за тым, што там адбываецца, і разумеем, што тэму інтэграцыі яны могуць уключыць у любы момант. Гэтак жа ў любы момант беларускі народ можа зноў выйсьці на пратэст».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнікаў саюзу з Расеяй у Беларусі стала менш за палову, падзеньне рэзкае, — сацыёлягі ВардамацкагаНя чуў пра пляны на пратэсты і паплечнік Севярынца па правацэнтрысцкай кааліцыі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Мая пэрсанальная ацэнка — ня мае сэнсу рэагаваць пратэстамі і выхадам людзей на кожны чых з боку Лукашэнкі, — разважае Губарэвіч у камэнтары Свабодзе. — Такіх сустрэчаў ён можа рабіць па 20 на год. І мы будзем кожны раз празь беларускія суды фінансаваць ягоную сыстэму, якая зьбірае проста аграменныя штрафы?
Сілы трэба назапашваць і мабілізаваць у той момант, калі ўзьнікае рэальная пагроза: калі ёсьць дакумэнт, які плянуюць падпісаць, калі вядомы зьмест гэтага дакумэнту, што ён нясе пагрозу беларускай незалежнасьці… Кожны раз заклікаць на пратэст — дык калі пагроза будзе рэальнай, то ніхто і ня выйдзе».
Яшчэ адзін часты лідэр вулічных пратэстаў апошніх гадоў Мікола Статкевіч пацьвердзіў Свабодзе, што таксама ня чуў пра пляны на акцыі, прымеркаваныя да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Заклікаў на акцыі не ўлалося знайсьці ні ў іншых праціўнікаў інтэгрыцыі, ні ў прарасейскіх сілаў.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»