«Адзінаму» таксама забароняць выказвацца супраць традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў, ён мусіць падтрымліваць беларускую мову і незалежнасьць і выступаць супраць дыктатуры.
Пяць апазыцыйных партый заявілі на супольнай прэс-канфэрэнцыі, што дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Гэта рух «За свабоду», БХД, БСДП (Грамада), Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пытаньні выклікае ідэя апазыцыі вызначыць адзінага кандыдата шляхам праймэрыз?Яны заявілі аб пачатку працэдуры выбару адзінага кандыдата, у якой можа паўдзельнічаць любы ахвочы грамадзянін Беларусі па ўсёй краіне. У выніку адзінага аб’явіць Кангрэс дэмакратычных сілаў.
Выбары кандыдатуры пройдуць з дапамогай праймэрыз. Агульны кандыдат будзе выбраны паводле 4-х складнікаў з сыстэмай балаў: галасаваньня падчас паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасаваньня ў інтэрнэце (30 балаў), галасаваньня на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі разьмяркуюць паміж удзельнікамі структуры, якія арганізуюць працэдуру.
Да «адзінага» будзе шэсьць патрабаваньняў:
- выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры,
- за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян,
- за выхад Беларусі з АДКБ,
- скасаваньне дамовы аб «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі і вывад замежных вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі,
- за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры,
- за добрасуседзкія раўнапраўныя стасункі з ЭЗ, ЗША, Расеяй і іншымі краінамі.
Адзіны кандыдат таксама мусіць лічыць недапушчальным умяшаньне вонкавых сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі.
Пасьля абраньня адзіным кандыдатам з палітыкам будзе падпісана пагадненьне.
Кожны з удзельнікаў праймэрыз мусіць зрабіць грашовы ўнёсак 500 эўра для іх арганізацыі.
Дадатковыя шэсьць крытэраў да адзінага кандыдата, які ўжо прайшоў праймэрыз:
- выступае за сьвецкую дзяржаву, паважае правы вернікаў, не выступае з заявамі, якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сям’ю і грамадзтва;
- прымае на сябе абавязак неадкладна пасьля перамогі правесьці канстытуцыйную рэформу цягам 4 месяцаў, свабодныя парлямэнцкія выбары;
- падтрымлівае палажэньні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека;
- у выпадку выбраньня бярэ на сябе абавязаньне правесьці рэформы выбарчага заканадаўства і не вылучацца на другі тэрмін;
- лічыць, што Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і яго ўдзел у выбарах незаконны;
- падпісвае і выконвае дэклярацыю крытэраў з моманту выбраньня.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі прапанаваў як адзінага Паўла Севярынца і заклікаў астатніх падтрымаць гэтую кандыдатуру.
Аднак астатнія вырашылі трымацца працэдуры, пра якую дамовіліся.
Актывіст кампаніі «Сьвежы вецер» Міхась Янчук прыйшоў у майцы «Кастусёў альбо сьмерць». Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што «тут сабралася таварыства старых грабель, на якія яны зьбіраюцца наступіць чарговы раз».
Пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у выбарах раней абвясьцілі лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама актывістка БХД Вольга Кавалькова.
Партыю «Справядлівы сьвет» не запрашалі браць удзел у працэдуры.
Раней пра свой намер вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта заяўлялі таксама лідэр партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч, лідэр «Грамады» Сяргей Чэрачэнь, «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі. Пра вылучэньне ўласнага кандыдата заявіла таксама кампанія «Гавары праўду».
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году.
Каляндар праймэрыз
- Да 2 лютага плянуюць стварыць штаб праймэрыз.
- Заяўкі на ўдзел у працэдуры будуць прымаць з 3 па 16 лютага. Іх разгледзяць да 3 сакавіка.
- З 22 лютага да 1 чэрвеня створаць ініцыятыўную групу адзінага кандыдата.
- З 4 сакавіка да 14 траўня правядуць праймэрыз у рэгіёнах.
- Онлайн-галасаваньне пройдзе з 4 сакавіка да 30 красавіка.
- Галасаваньне арганізацый за адзінага кандыдата адбудзецца з 1 да 14 траўня.
- Кангрэс дэмсілаў, на якім аб’явяць імя адзінага, плянуюць правесьці з 15 да 30 траўня.
- На Кангрэсе будзе па сто дэлегатаў ад кожнага кандыдата.