Родзічы «несправядліва асуджаных» зьвяртаюцца да судоў і прэзыдэнцкую адміністрацыю: будзьце міласэрднымі, прымяніце амністыю. На 20 студзеня сабрана 3428 подпісаў.
Родзічы асуджаных, аб’яднаных у грамадзянскую ініцыятыву «Справядлівы прысуд», заклікалі Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама судовыя ды праваахоўныя ведамствы прымяніць у 2020 годзе амністыю да пакараных за эканамічныя (карупцыйныя) злачынствы.
Ініцыятары звароту адзначаюць: ва ўмовах узмацненьня барацьбы з карупцыяй у жорны сыстэмы трапляюць людзі, якія ня мелі віны і складу злачынства, паводле якіх іх асудзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родзічы асуджаных за эканамічныя злачынствы паскардзіліся ў прэзыдэнцкую адміністрацыюНа іхную думку, амністыя да такіх асуджаных дазволіць дзяржаве «ня толькі праявіць велікадушнасьць і міласэрнасьць, але і зьнівэлюе наступствы судова-сьледчых памылак, якія дапускаюцца занадта часта».
Таксама ініцыятары звароту лічаць мэтазгодным перагледзець практыку прымяненьня эканамічных (карупцыйных) артыкулаў. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што:
- асуджаныя за эканамічныя (карупцыйныя) злачынствы — гэта людзі ў бальшыні сваёй з вышэйшай адукацыяй, якія маюць вялікі жыцьцёвы досьвед і ў выпадках учыненага правапарушэньня маюць павышанае пачуцьцё ўласнай віны і раскаяньня;
- яны маюць шанец на паблажлівасьць, калі зразумелі сваю віну, выправілі свае паводзіны і маюць жаданьне даказаць сваю карысьць для грамадзтва.
Пра ініцыятыву «Справядлівы прысуд»
- Родзічы асуджаных заявілі пра сваё аб’яднаньне ў лістападзе 2019 году.
- Намагаюцца зьвярнуць увагу Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва праваахоўных органаў і сьледзтва на факты «грубага парушэньня» заканадаўства ды правоў «несправядліва», як яны цьвердзяць, асуджаных падчас расьсьледаваньня крымінальных справаў: падробленыя дакумэнты, абгаворы, ціск, няправільная кваліфікацыя, адсутнасьць доказнай базы і г. д.
- Зьвярталіся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю з патрабаваньнямі адносна выракаў, якія яны лічаць несправядлівымі. Паводле прадстаўнікоў ініцыятывы, пад зваротам на імя кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі падпісаліся 2357 чалавек.
- Аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч лічыць зьяўленьне ініцыятывы «першым крокам на шляху да самаарганізацыі і стварэньня сыстэмы самаабароны намэнклятуры». У сваіх патрабаваньнях ініцыятыва «Справядлівы прысуд» спасылаецца на леташнюю нараду Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі, дзе той казаў аб прэзумпцыі невінаватасьці.