Захворваньне птушак на высокапатагенны грып стала прычынай таго, што з 5 студзеня прыпыняюцца пастаўкі ў Беларусь шэрагу відаў прадукцыі зь Люблінскага ваяводзтва Польшчы.
Пра гэта паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня.
Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду часова абмежаваў пастаўкі:
- жывой птушкі;
- інкубацыйных яек;
- мяса птушкі;
- яечнага парашку, мэлянжу ды іншых прадуктаў перапрацоўкі яйка;
- пуху і перʼя, паляўнічых трафэяў птушынай дзічыны;
- кармоў і кармавых дадаткаў з птушкі;
- расьлінных кармоў.
Таксама дэпартамэнт лічыць неабходным «прыняць дадатковыя захады біялягічнай абароны ўсіх птушкагадоўчых абʼектаў усіх формаў уласнасьці».
На ўсходзе Польшчы, блізу межаў зь Беларусьсю і Ўкраінай, за адзін дзень здохла ня менш за 25 тысяч індыкоў. Прычынаю здыхаты называюць птушыны грып. Gazeta Wyborcza адзначае, што штам грыпу H5N8 у Польшчы раней не фіксаваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Птушыны грып забіў 25 тысячаў індыкоў у Польшчы, на мяжы зь БеларусьсюУспышкі птушынага грыпу зарэгістраваныя на трох фэрмах у Люблінскім ваяводзтве. Як перадае Польскае радыё, колькасьць заражаных гэтай хваробай птушак можа дасягнуць 100 тысяч.
Цяпер спэцыялісты дакладна пацьвердзілі заражэньне 40 тысяч індыкоў. 2 студзеня пачалася апэрацыя ліквідацыі загінулых індыкоў.
3 студзеня выкрылі чацьвёрты асяродак птушынага грыпу ў мясцовасьці Усьцімаў у Любартаўскім павеце Люблінскага ваяводзтва.
Птушыны грып таксама зафіксаваны ў Вялікапольшчы. Вэтэрынарныя службы натуюць і асобныя выпадкі сьмерці дзікіх птушак. Аналізы ўзятыя ў лебедзя і некалькіх дзікіх качак.
«Мы напагатове»
Галоўны вэтэрынарны доктар Берасьцейскай вобласьці Сяргей Грамада сказаў карэспандэнту Свабоды, што дазвол увозіць у Беларусь мяса птушкі ці жывую птушку выдае дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду пасьля вывучэньня эпізаатычнай сытуацыі.
У Беларусь для перапрацоўчых прадпрыемстваў мяса птушкі мэханічнай абвалкі пастаўляюць з Польшчы, Даніі, іншых краін Эўропы.
«Ніводная машына без дазволу не заедзе на тэрыторыю Беларусі», — сказаў Сяргей Грамада.
Ён дадаў, што ўсе дзесяць (гэта апроч фэрмэрскіх) птушкафабрык Берасьцейскай вобласьці звычайна працуюць у закрытым рэжыме.
«То бок уезд-выезд толькі замацаванага аўтатранспарту, уваход толькі супрацоўнікаў, пабочныя асобы могуць наведаць прадпрыемствы толькі пасьля ўзгадненьня з галоўным вэтэрынарным доктарам вобласьці. Таксама выкарыстоўваюць кармы, вырабленыя на беларускіх камбікормавых прадпрыемствах у строгай адпаведнасьці з патрабаваньнямі», — сказаў Сяргей Грамада.
Паводле Грамады, тэарэтычна пагроза існуе, бо гэта адбываецца ў памежнай Польшчы, але выратоўвае сытуацыю яшчэ і тое, што цяпер няма лёту дзікай птушкі.
«Транспарт, які праяжджае на тэрыторыю птушкафабрык, праходзіць дэзынфэкцыйныя барʼеры. Таму мы напагатове», — сказаў Грамада.
У фэрмэрскай гаспадарцы «Астравецкае», дзе вырошчваюць індыкоў, сказалі, што пакуль (на вечар 3 студзеня. — РС) не атрымлівалі афіцыйнай інфармацыі пра птушыны грып у Польшчы, а ведаюць пра яго з СМІ.
«Але ў кожным разе наша прадпрыемства закрытае, пакуль нейкай небясьпекі мы ня бачым», — сказалі ў «Астравецкім».
«Няма інфармацыі, што птушыны грып пагражае чалавеку»
Паводле прэс-службы беларускага Міністэрства аховы здароўя, «для чалавека найбольш небясьпечныя H7N9, H5N6, H5N1, а ў Польшчы H5N8».
Паводле Ўсьсьветнай арганізацыі здароўя, выпадкаў заражэньня чалавека штамам H5N8 не зафіксавана.
«Але вакцынацыя насельніцтва ў Беларусі праведзена ў вызначаныя тэрміны і зь неабходнымі абʼёмамі. Гэта дазваляе казаць, што сытуацыя па захворваньні на грып будзе кіруемай», — сказаў намесьнік галоўнага лекара Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Уладзімер Кляцко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Івейскім раёне браканьер падстрэліў напарніка