Як 21 сьнежня ў цэнтры Менску пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Фотарэпартаж

У мітынгу, які пачаўся ў 14.00 і праходзіў на працягу дзьвюх гадзінаў ля прыступак Палацу Рэспублікі, удзельнічала каля 200 чалавек, гэта прыкладна ў пяць разоў менш, чым сабрала аналягічная акцыя пратэсту напярэдадні вечарам.

Сёньняшняя акцыя, як і аналягічная, якая прайшла ў Менску напярэдадні вечарам, была прымеркаваная да перамоваў прэзыдэнтаў у Санкт-Пецярбургу, якія адбыліся 20 сьнежня. Апазыцыя падкрэслівае, што сутнасьць інтэграцыйных дакумэнтаў па-ранейшаму ўтойваецца ад грамадзкасці і гэта ня можа ня выклікаць трывогу ў беларускага народу.

На акцыі прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. 

Былы кандыдат на прэзыдэнта, паэт Уладзімер Някляеў нагадаў, што беларусы — нашчадкі тых, каго называлі люцічамі, літвінамі. "Іх кроў у нашай крыві. Ня буду агітаваць вас абараняць Радзіму, вы і так тут сабраліся. Нядаўна адзін расейскі пісьменнік з дэмакратычнымі поглядамі (Дзьмітрый Быкаў) абвінаваціў беларусаў у тым, што яны запалоханыя, дэградавалі ў культурным і палітычным сэнсах. Але галоўнае, каб у нас саміх была самапавага і пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Вы тут, а значыць, у вас гэта ёсьць", — заявіў Някляеў. 
 

Сустаршыня БХД, былы палітвязень Павал Севярынец.  

91-гадовы ўдзельнік акцыі выступае супраць інтэграцыі з Расеяй і нагадвае пра лёс зьнілых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Мітынг праходзіў ў фармаце свабоднага мікрафону. Выступае грамадзянін Расеі, які прыйшоў падтрымаць удзельнікаў акцыі.  

Пратэсты за і супраць інтэграцыі з Расеяй. 

Нешматлікія прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 

Людзі ў цывільным здымалі на відэа ўдзельнікаў пратэсту. 

Гэта была ўжо чацьвёртая па ліку вулічная акцыя супраць інтэграцыі ў цэнтры Менску. Дзве першыя акцыі прайшлі 7 і 8 сьнежня. Яны былі прымеркаваныя да перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 7 сьнежня ў Сочы.