«За маці мне дзякавалі на каленях». Сыны актывістак матчынага руху вярнуліся дахаты

Ларыса Жыгар і Тацьцяна Канеўская на адной з акцый за зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства

Ларыса Жыгар і Тацьцяна Канеўская на адной з акцый за зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства

«Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу, сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Cвабоды — 2020».

Беларуская служба Радыё Свабода штогод уручае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі Cвабоды – 2019» — «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу

За чатыры гады рух «Маці 328» разросься ў некалькі асобных арганізацый і цяпер дзейнічае па ўсёй Беларусі.

«Раней на нас сварыліся, а цяпер нам кажуць словы ўдзячнасьці, — кажа адна з актывістак руху Ларыса Жыгар. — Гэта заслуга ўсіх маці. Многія з нас паклалі здароўе, хтосьці ўжо пакінуў жыцьцё. У гэтых зьменах ёсьць унёсак кожнай».

Сёлета асуджаныя паводле сумна вядомага 328-га артыкулу сталі вяртацца дахаты. Вярнуліся і сыны Ларысы Жыгар і Тацьцяны Канеўскай — жанчын, якія сталі сымбалямі мацярынскага змаганьня за справядлівасьць для сваіх дзяцей.

Пачытайце іхныя гісторыі.

«Мама зрабіла ўсё». Ларыса і Максім Жыгары

Максім Жыгар — хлопец, які стаў прычынай зьяўленьня руху «Маці-328». У 18 гадоў яго пасадзілі за 147 грамаў канопляў. Цяпер яму 25. Усё сваё дарослае жыцьцё ён правёў у турме. А ягоная маці Ларыса за гэты час сабрала ў руху паўтары тысячы чалавек, галадала 24 дні і разам зь іншымі бацькамі дамаглася ўнясеньня зьменаў у 328-ы артыкул.

«Творчыя людзі хочуць паспытаць траўку»

У 2012-м Максім толькі паступіў у каледж на кухара. Захапляўся фатаграфіяй, пісаў электронную музыку. Марыў заваяваць сьвет сваімі здымкамі і падарожнічаць. Яму было 18 гадоў.

Дома Максіму ўсё здаецца надта маленькім пасьля высокіх столяў калёніі

Зь сябрамі яны паехалі на прыроду, каб зрабіць фота для выставы. Пад Горадняй натрапілі на дзікае поле канопляў.

«Усе творчыя людзі хочуць паспытаць траўку», — мяркуе Максім.

Па «траўку» хлопцы вярнуліся ноччу. Максім сушыў яе на гаўбцы.

«Пакурылі, пасьмяяліся — і ўсё», — расказваў пасьля хлапец на судзе. З чацьвёркі хлопцаў Максім быў самым малодшым, самаму старэйшаму было 25.

Максім не хаваў канопляў

Спачатку затрымалі ягонага прыяцеля, які потым здаў усю кампанію. Максім добраахвотна паказаў каноплі падчас ператрусу. Думаў, гэта зробіць пакараньне мінімальным.

«Мне адвакат сказаў: я не разумею, як за паўдня можна так зламаць чалавека. Сядзеў загнаны ў кут чалавек. Глядзеў толькі на сьледчага. Быў гатовы ўсё падпісаць», — пераказвае маці Максіма Ларыса Жыгар. Каб плаціць адвакату, сямʼя брала крэдыт. Усяго на яго паслугі патрацілі 7 тысяч даляраў.

Маці кажа, што Максіма білі на допытах

Максім пагадзіўся даць «чыстасардэчнае прызнаньне». Ларыса лічыць, што паказаньні «выбівалі» і «выціскалі» пагрозамі пра родных. Урэшце Максіма абвінавацілі ў збыце наркотыкаў. Потым на судзе ён адмовіўся ад сваіх паказаньняў, сказаў, што толькі зьбіраў і курыў, але не распаўсюджваў. Аднак гэта ўжо нічога не зьмяніла.

Хлопец атрымаў найбольшы тэрмін — 8 гадоў і 1 месяц. Той, хто яго здаў, — 4 гады, астатнія па два гады ўмоўна з адтэрміноўкай на два гады. Аб памілаваньні Жыгар не прасіў.

«Мне сказалі, што Максім быў адзіны, хто не супрацоўнічаў са сьледзтвам. Няўжо ён мусіў некага здаць?» — кажа Ларыса.

«Ну ўсё, мамачка, мяне закрываюць»

Першы час Максім быў на волі. Пасьля чарговага допыту ён пазваніў маці: «Ну ўсё, мамачка, па-мойму, мяне закрываюць». Ларыса кажа, што гэтыя словы дагэтуль зьвіняць у яе вушах.

Ларыса паўтарае каторы раз гісторыю сваю і сына, але часам ня можа стрымаць сьлёз

Маці прывычна расказвае гісторыю сваёй сямʼі. Сьлёзы зьяўляюцца на вачах толькі двойчы: калі ўзгадвае, як сына затрымлівалі, і як ён вярнуўся.

«Сынок, ты вытрымаеш?» — «Ня ведаю, мама». Такой была іхная апошняя размова перад СІЗА.

Ларыса здолела схадзіць на працу ў Нацыянальны банк, прыйшла дахаты і разрыдалася. На наступны дзень ціск падскочыў за 200.

Жанчына настройвала сябе на пазытыў, каб вытрымаць

Першы год быў самым цяжкім. Максім адбываў пакараньне ў калёніі «Воўчыя норы» ў Івацэвічах на Берасьцейшчыне, дзе сабралі асуджаных паводле «народнага артыкулу».

Максім пакуль «хатні», мала выходзіць у горад

«На першым годзе яшчэ не разумееш, што табе адрэзалі кавалак жыцьця. Потым уліваесься, і быццам жыць можна», — кажа хлопец.

У калёніі ён прачытаў 700 кніг, маляваў, працаваў фатографам. Вывучыўся там на краўца і стаў шыць адзеньне.

Маме Максім пашыў рукавіцы

А сабе — куртку

На перадачы трацілі 500–800 рублёў

Ларыса змагла абняць сына толькі праз год. «Я плакала на ўвесь калідор. Стаяла і рыдала», — расказвае яна.

Сустрэчы дазвалялі спачатку па два, потым па чатыры разы на год. На перадачы сыну трацілі 500–800 рублёў. Дапамагаў дзед.

Ларыса кажа, што з адной пэнсіяй было б цяжка. У 55 гадоў ёй не працягнулі кантракт на працы — патлумачылі ўзростам. Калезе ў такой жа сытуацыі дазволілі працаваць яшчэ паўтара года. Ларыса мяркуе, што гэта было пакараньнем за грамадзкую дзейнасьць.

Ларыса Жыгар сёлета была кандыдаткай у дэпутаты

Спачатку наведвалі хлопца ўсёй сямʼёй. Падчас сустрэч шмат жартавалі, трымаліся на пазытыве. Потым на будоўлі трагічна загінуў бацька Максіма, летась памёр ягоны дзед. Разьвітацца з крэўнымі Максім ня здолеў.

У калёніі хлопца наведала рэжысэрка Ніка Ніканава. Яна здымала фільм аб праблеме наркотыкаў. На сустрэчы пускалі толькі родных. Дзяўчыне давялося сказаць, што яна нявеста Максіма.

Яны пасябравалі, потым перапісваліся. Дамовіліся сустрэцца ў сьнежні на волі. Улетку Ніка загінула. Максім напісаў словы разьвітаньня і падтрымкі яе сямʼі. Маці зачытала іх падчас пахаваньня.

Як паўстаў рух «Маці 328»

Рух «Маці 328» зьявіўся пасьля падпісаньня ў 2014 годзе «антынаркатычнага дэкрэту» № 6, які меўся змагацца з наркатрафікам. Тады пачалася хваля затрыманьняў маладых людзей, якіх прыраўноўвалі да «наркабаронаў» і асуджалі на вялікія тэрміны.

Ларыса будзе далей змагацца за правы «наркаманаў», хоць ейны сын вярнуўся

«Не такі ён ужо злачынца, каб адседзець 8 гадоў. Я ніколі з гэтым не пагаджуся», — кажа Ларыса пра сына.

Бацькі абʼядналіся ня толькі дзеля дзяцей, але і каб падтрымліваць сябе.

«Страшна, калі тваё дзіця трапляе ў турму, калі судовыя працэсы, калі яго прыводзяць у дзьвюх парах кайданкоў, калі перад ім ідуць тры [канваіры], ззаду тры, у клетку заводзяць і стаяць па баках гэтай клеткі», — тлумачыць Ларыса.

Маці мяркуе, што варта змагацца з дыскрымінацыяй людзей, якія выйшлі на волю

«Потым застаецца толькі маці»

Дзякуючы маці і паплечніцам Максім выйшаў на год раней, апошнія некалькі месяцаў адбываў на «хіміі». Адседзеў 7 гадоў і 16 дзён.

Свойскі сабачка Джэкі сустрэў Максіма вельмі прыязна

«Ты прыціскаеш яго і разумееш, што ён будзе з табой назаўжды», — успамінае маці іхную першую сустрэчу на волі.

Першая сустрэча на волі

Максім ня думае, што калёнія яго выправіла: не было чаго выпраўляць.

Цяпер ён хоча ствараць дызайнэрскае адзеньне. Не выключае, што паедзе жыць за мяжу.

«Потым застаецца толькі маці»

«Мама для мяне ўсё зрабіла. Калі б не было яе падтрымкі, было б складаней. Маці шмат што вырашае. Шмат хто на першых гадах піша лісты. Потым застаецца толькі маці, звоніць толькі маці, бо іншым няма калі», — кажа Максім.

«За маю маці многія дзякавалі мне на каленях». Тацьцяна і Аляксандр Канеўскія

Тацяна і Аляксандар Канеўскія

Аляксандру Канеўскаму прысудзілі ў 2016 годзе 8 гадоў пазбаўленьня волі за «наркотыкі». У адпаведнасьці з тагачасным беларускім заканадаўствам і словамі Аляксандра Лукашэнкі ў бок асуджаных «каб сядзелі і сьмерці прасілі», выйсьці на волю ён мусіў у 2024 годзе. Але вызваліўся ў сьнежні 2019-га — дзякуючы намаганьням як ягонай маці, так і ўсяго руху «Маці 328».

«Пра рух ведалі ўсе»

«2 сьнежня Саша вызваляўся. Мы з мужам паімчалі у Магілёў. Сэрца выскоквала! — расхвалявана распавядае Тацьцяна. — У той дзень выпускалі траіх чалавек. Яны выйшлі за брамку. Адзін пайшоў у бок сваіх сваякоў, другі — да сваіх блізкіх. Дзе ж Саша? Я не пазнала яго, тым больш у той страшнай целагрэйцы».

Маці кажа, што дагэтуль ня верыць, што сын дома. Часам заходзіць да яго ў пакой, каб проста паглядзець на яго, пераканацца.

Аляксандар называе «калясальнай» падтрымку з боку «Маці 328»

Спадзявацца на дапамогу адвакатаў было дарэмна, распавядае Аляксандр. Сам вывучаў заканадаўства, пісаў скаргу на прысуд. У выніку ў ягоным абвінавачаньні частку 3 перакваліфікавалі на частку 2. А падтрымку з боку «Маці 328» называе проста «калясальнай».

«Пра рух ведалі ўсе. Калі я тэлефанаваў маці, то проста шалеў потым ад дзесяткаў пытаньняў асуджаных. Мяне штурмавала ўся калёнія: „Што там чуваць? Якія навіны?“. Калі ў 2018 годзе зьмянілася заканадаўства, то многія, я ня хлушу, літаральна на каленях прасілі падзякаваць маёй маці і ўсім жанчынам, якія змагаліся па той бок плоту за нас», — кажа мужчына.

Да «наркаманаў», гаворыць ён, у калёніі ставіліся перадузята. Ім не дазвалялі мець нефармальны «фонд атрада», куды ўсе зьняволеныя скідваюцца грашыма, каб набыць нешта для побыту. Не давалі мець у пакоях музычныя цэнтры, даступныя для іншых зьняволеных. А да самога Аляксандра было ўвогуле іншае стаўленьне. «Усё праз маці», — кажа ён.

Тацьцяна Канеўская перад сустрэчай «Маці 328» у Адміністрацыі прэзыдэнта, 2 траўня 2018

«Да мяне было асьцярожнае стаўленьне з боку супрацоўнікаў калёніі, бо прозьвішча маёй маці ведалі, — тлумачыць ён. — Са мной супрацоўнікі калёніі дзейнічалі якраз так, як яны павінны, а не „па воўчым законе“, як часта было з астатнімі асуджанымі».

«Ня вер, ня бойся, не прасі»

Тацьцяна згадвае, як роспач ахоплівала яе ўсе гэтыя гады.

«Як так? Саша не вінаваты! Чаму 8 гадоў? Гэта шок», — кажа жанчына. — Пракуратуру абышлі, Адміністрацыю прэзыдэнта стапталі, пагрукалі ва ўсе дзьверы, галадалі, пратэставалі — нічога не мяняецца. Але Саша не даваў мне здацца«.

Падтрымлівалі яе і лісты з калёніі ад іншых зьняволеных. Гэта давала і натхненьне, і сілы. Такую ж роспач перажываў і Аляксандар. Ён перакананы, што асудзілі яго незаконна.

«Вельмі складана было зьмірыцца. Я магу ведаць свае правы, свае абавязкі — але я не магу іх адстаяць! Суд на баку абвінавачваньня пры любым раскладзе, — расказвае мужчына. — Пасьля 11 месяцаў у СІЗА, у камэры без акна, у калёніі я выйшаў на вуліцу і ўбачыў неба! Гэта было неверагодна, не перадаць словамі. Я ўбачыў траву, птушку, якая ляцела па небе. Я атрымаў неверагодную асалоду ад кропляў дажду на сваім твары».

Аляксандпр згадвае славутыя «наркаманскія» нашыўкі на адзеньні. Тое, што рух дамогся іх адмены, сярод зьняволеных было ўспрынята як перамога.

«Я чуў, як забурчалі кантралёры: „Во, цяпер і не адрозьніць — хто наркаман, хто не“. Для чаго ім нас адрозьніваць? Чым асуджаныя паводле „328-га“ страшнейшыя, горшыя за забойцаў, махляроў? — абураецца Аляксандар. — Пасьля адчаю наступіў момант бездапаможнасьці. Разумею, што я тут адзін, што мне ніхто ня ў стане дапамагчы. „Ня вер, ня бойся, не прасі“ — гэта сапраўды той прынцып, паводле якога там жывуць. Чалавек чалавеку воўк. Напэўна...»

У калёніі Аляксандр перачытаў безьліч кніг, дый і ў людзях цяпер разьбіраецца лепей. Кажа, калёнія — такі досьвед, што любога чалавека чытаеш, «як адкрытую кнігу». А працаваў на нарыхтоўцы дроваў.

«Меў „заробак“ на рукі каля 20 рублёў — калёнія вылічвала з 80 рублёў за ежу, вопратку, камунальныя паслугі, — кажа ён. — І нават тут установа, якая, па ідэі, павінна „выпраўляць“, сама першай парушала заканадаўства. Пры вызваленьні так і ня выплацілі заробак на мінулы месяц. Я гэтага так не кіну!»

«Простыя словы „У мяне ўсё добра, я чакаю, калі ты будзеш дома“ — і больш нічога ня трэба»

Паводле цяперашняга «антынаркатычнага» заканадаўства, адказнасьць наступае з 14 гадоў. Звычайная справа для Беларусі, калі ў калёнію на 8, 10, 12 гадоў трапляюць 15-16-гадовыя дзеці. Ці выпраўляе іх такое пакараньне?

«Як можа выправіць чалавека калёнія? Як менавіта? — падвышае голас Аляксандар. — Тым, што ў мароз я буду трымаць рукі не ў кішэнях, а выцягнутымі па швах? Тым выпраўлюся, што мой ручнік будзе ляжаць пад матрацам, а не ля тумбачкі? Тым, што мая табурэтка будзе стаяць роўненька? Можа, выправіць чалавека тое, што праз абяцаньне дадатковай пасылкі, нейкай палёгкі ён стане стукачом? Гэта для выпраўленьня яго?!!»

Ён апісвае, што зьняволеным недаступная нармальная мэдыцынская дапамога — нават зуб цяжка заплямбаваць. Кажа, што абараніць зьняволенага таксама няма каму: можна пісаць скаргі на адміністрацыю, але далей за саму калёнію такая скарга ня пойдзе.

За гады ў няволі ён бачыў не адно самагубства — людзі не вытрымлівалі.

«Адзін ускрыў вены яшчэ на карантыне. Другі — на прамысловай зоне. Мне здаецца, такое здараецца тады, калі з гэтага боку плоту перастаюць увогуле падтрымліваць сваякі. Гэта мае вялікае значэньне — маеш падтрымку ці не. І справа не ў грашах, не ў пасылках, — тлумачыць Аляксандар. — Простыя словы ў лісьце ці тэлефанаваньні: „У мяне ўсё добра, я чакаю, калі ты будзеш дома“. Усё, больш нічога ня трэба. Усё астатняе можна ператрываць».

І норавы, і ўмовы ў калёніі далёкія ад таго, да чаго прывыклі людзі на волі, папярэджвае Аляксандр.

«Калёнія — гэта зьвярынец. Людзі сядзяць у клетках, адміністрацыя ставіцца да іх, як да зьвяроў. Чалавечых стасункаў там няма. Калі на карантыне ўсе стаяць на расьцяжцы па гадзіне, і супрацоўнік калёніі кажа ім: „Я вас зараз усіх абмачу“, пра што гаварыць можна ўвогуле?»

«Я маю вялікі досьвед і ведаю, што рабіць»

Тацяна па-мацярынску ня можа супакоіцца.

«У Сашы былі беласьнежныя зубы, калі яго пасадзілі. Нягледзячы на нашы намаганьні, перадачы — вярнуўся ён практычна без зубоў, на жаль. Малака нельга там было, сьмятаны нельга... Маўляў, малако хутка псуецца, няма сэнсу пастаўляць. Мы зь іншымі маці ледзьве дабіліся, каб ім давалі па чайнай лыжцы сьмятану ў боршч», — тлумачыць яна свой клопат.

Але абяцае, што вяртаньне сына не прымусіць яе пакінуць рух і яна далей гатовая дапамагаць кожнаму.

«Калі я хадзіла па розных інстанцыях — у Адміністрацыю прэзыдэнта, у генэральную пракуратуру, я ўсім казала: „Вось Саша мой выйдзе, і я забуду ўсё гэта як страшны сон“. Цяпер я кажу, што не. Тым больш цяпер у нас разьвязаныя рукі. Я маю вялікі досьвед і ведаю, што рабіць, магу дапамагчы многім людзям. Наша мэта — дапамагаць тым, хто несправядліва трапіў у калёнію. Наша мэта — каб урэшце селі, атрымалі сваё тыя, хто арганізаваў інтэрнэт-крамы продажу псыхатропных рэчываў; тыя, хто ўцягнуў у гэты „бізнэс“ дзяцей і застаецца і сёньня на волі, без пакараньня».

Тацяна і далей гатовая дапамагаць тым, хто несправядліва трапіў у калёнію

Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»

  • Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
  • Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
  • Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
  • Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
  • Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
  • Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.

«Маці 328»: галадоўкі, пратэсты, перамовы

Чаго дамагліся «Маці 328»

  • Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
  • Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
  • У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
  • Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.

Актывісткі і прыхільнікі руху «Маці 328» на мітынгу ў Менску, траевнь 2019

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты сабе не даруеш». Бабуля «здала» непаўналетняга ўнука міліцыі і чакае яго з калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што буду зьліваць інфармацыю Nexta». Як служыць у войску айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ахоўнікі забілі мышаня Шуньку, а прусакоў Рыгоравічаў я сам пакараў сьмерцю». Паліенка пра 8 месяцаў у «Валадарцы»