Суд Берасьцейскага раёну абвясьціў 27 лістапада вырак 51-гадоваму грамадзяніну Ўкраіны і Славакіі, якога злавілі з буйной партыяй наркотыкаў, піша БелТА.
За незаконны абарот наркотыкаў і незаконнае іх перамяшчэньне празь мяжу (ч.3 арт. 328 КК РБ і ч.2 арт.328-1 КК РБ) мужчыну прысудзілі 19 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоную машыну канфіскуюць, таксама зь яго маюць спагнаць 61 400 рублёў судовых выдаткаў. Прысуд яшчэ не набыў моцы і можа быць абскарджаны.
Мужчыну затрымалі 16 траўня, калі ён спрабаваў уехаць у Беларусь праз пункт пропуску «Дамачава», што на мяжы з Польшчай. У газавым балёне ягонага пазадарожніка Volkswagen знайшлі пакеты з таблеткамі MDMA (экстазі) масай каля 70 кг, а ў парогах машыны — брыкеты какаіну масай 12,5 кг.
На судзе мужчына казаў, што яго падставілі: маўляў, у ягоным будаўнічым бізнэсе ў Славакіі «пачаліся праблемы», яму пагражалі крымінальныя колы. Незнаёмцы нібыта заралі ў яго аўтамабіль, пасьля вярнулі і загадалі перагнаць празь мяжу, а пра наркотыкі ён нібыта ня ведаў.
Пракурор мяркуе, што мужчына ведаў пра наркотыкі. У час агляду ягоных рэчаў на мяжы знайшлі паперы са зьвесткамі пра хімічныя рэчывы, якія ёсьць прэкурсорамі псыхатропаў. Гэта палічылі «невыпадковым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец спрабаваў правезьці церазь беларускую мяжу 290 кіляграмаў гашышу