Спэцназ прымяняе сьлезацечны газ і вадамёты супраць студэнтаў, якія спрабуюць прарвацца праз кардоны да будынка унівэрсытэту ў цэнтры гораду, дзе застаецца заблякаванай частка пратэстоўцаў. Сутыкненьні ў гэтым раёне працягваюцца тыдзень.
Маніфэстанты ў чорным адзеньні, адгазьніках і масках закідваюць паліцыю бутэлькамі з запальнай сумесьсю.
Некалькім студэнтам, якія знаходзіліся ў заблякаваным паліцыяй будынку унівэрсытэту, удалося выбегчы на вуліцу і зьехаць на скутэрах і матацыклах разам з таварышамі, якія іх чакалі. У тых, хто застаўся ў будынку, паводле актывістаў, няма вады і прадуктаў. Гаворка ідзе, па меншай меры, пра некалькі дзясяткаў чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Ганконгу ўзяла штурмам кампус унівэрсытэтуПасол Кітаю ў Лёндане заявіў, што калі сытуацыя ў Ганконгу будзе пагаршацца, то Пэкін не застанецца абыякавым.
У панядзелак увечары прадстаўнік уладаў Ганконгу заявіў, што паліцыя ня стане ўжываць сілу, калі самі пратэстоўцы не прыменяць сілу супраць паліцыянтаў.
Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу
Што такое ўвогуле Ганконг?
Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.
Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.
Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.
Што выклікала пратэсты?
Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.
У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.
Што цяпер з гэтым законапраектам?
23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.
За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.