Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі зьвярнулі ўвагу на эмацыйнасьць і падбор лексыкі ў заяве Аляксандра Лукашэнкі аб мэтазгоднасьці саюзу Расеі і Беларусі, паведамляе агенцтва «РИА Новости».
Паводле Пяскова, у гэтым выпадку Лукашэнка «задаўся гіпатэтычным пытаньнем аб мэтазгоднасьці саюзу Масквы і Менску, пра тое, „што, калі гэты саюз не адпавядае інтарэсам Беларусі“».
«Але мы па-ранейшаму пасьлядоўна зыходзім з таго, што ў гэтым выпадку ўзаемавыгаднасьць гэтага саюзу, узаемавыгаднасьць саюзнай дзяржавы ёсьць абсалютна непарушнай», — сказаў Пяскоў, адказваючы на пытаньне, як у Крамлі ацэньваюць выказваньне Лукашэнкі.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытаньне, ці зьвярнулі ў Крамлі ўвагу на эмацыйнасьць і падбор лексыкі заявы Лукашэнкі, Пяскоў сказаў: «Безумоўна, вядома, зьвярнулі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расчараваны Расеяй: «На храна патрэбен такі саюз?»17 лістапада Аляксандар Лукашэнка падчас размовы з журналістамі пасьля галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў пракамэнтаваў пэрспэктывы пагадненьня аб паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй, заявіўшы, што «калі ня будуць вырашаныя прынцыповыя моманты — пастаўка вуглевадародаў, адкрыцьцё рынкаў для нашых тавараў, зьняцьцё гандлёвых бар’ераў — ніякія дарожныя мапы ня могуць быць падпісаныя».
«Бо калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднаньне, на што разьлічваеш? Што з кожным месяцам, годам будзе лепей. Што маем? Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз? Я адкрыта гэта магу і Пуціну сказаць: дзе нам узяць 9 мільярдаў, каб пакрыць дэфіцыт у гандлі? Мы іх пакрываем коштам іншых рынкаў!» — абурыўся Лукашэнка.