Зборная Беларусі ў футболе завяршыла ўдзел у адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы 2020 году выязной паразай ад каманды Нямеччыны (0:4).
У першым тайме беларусы прапусьцілі адзін гол, у другім — тры. Была выдатная магчымасьць прынамсі «размачыць» лік, аднак капітан беларускай зборнай Ігар Стасевіч ня здолеў рэалізаваць пэнальці — мяч адбіў Мануэль Нойнэр.
Такім чынам, выхаванцы галоўнага трэнэра Міхаіла Мархеля фінішавалі перадапошнімі ў сваёй групе, апярэдзіўшы толькі Эстонію. На эўрапейскае першынство паедуць зборныя Нямеччыны і Нідэрляндаў.
Нягледзячы на гэта, Беларусь яшчэ мае тэарэтычную магчымасьць далучыцца да кампаніі фіналістаў Эўра-2020. Аднак для гэтага трэба выйграць плэй-оф Лігі Нацый — беларусы былі першымі ў сваёй групе. Увесну наступнага году канкурэнтамі за адзіную пуцёўку стануць змагацца каманды Грузіі, Косава і Паўночнай Македоніі.