Спартовае выданьне «Прессбол» надрукавала адкрыты ліст паўтары сотні вядомых беларускіх спартоўцаў, якія выступілі за перайменаваньне футбольнага стадыёну ў Барысаве ў «Капскі-Арэну».
«Больш за год мінула пасьля сьмерці Анатоля Капскага — чалавека, які адкрыў Эўропе суверэнны клюбны футбол Беларусі. Каманда зь Меншчыны рэгулярна гуляла ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Эўропы, прывозіла ў нашу краіну найлепшых прадстаўнікоў Старога Сьвету.
Футбол — спорт нумар адзін, і многія іншаземцы даведаліся пра нашу краіну дзякуючы посьпехам каманды БАТЭ, стваральнікам, натхняльнікам і сэрцам якой быў Анатоль Капскі», — гаворыцца ў калектыўным звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барысаў-Арэна» імя Капскага. Дзяржава маўчыць, грамадзкасьць распачала ўласную кампаніюПадпісанты адзначаюць, што дзякуючы менавіта Анатолю Капскаму беларусы адчулі гонар за айчынны футбол. Але праз год пасьля яго сьмерці пачуцьці зусім іншыя — прыкрасьць, што няма традыцый ушанаваньня годных людзей.
«Лічым, што імем Анатоля Капскага павінна называцца „Барысаў-Арэна“ — у рэшце рэшт, сваім зьяўленьнем яна абавязаная менавіта яму. „Капскі-Арэна“ — гэта было б справядліва. І стала б лепшай памяцьцю пра чалавека, які ўмеў дасягаць немагчымага.
Мёртвым не баліць — гэта праўда. Баліць нам, жывым».
Сярод тых, хто падставіў подпісы пад лістом, Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка), Дзінара Алімбекава (біятлён), Алег Антоненка (хакей), Вольга Барабаншчыкава (тэніс), Іван Броўка (гандбол), Аляксандра Герасіменя (плаваньне), Эльвіра Герман (лёгкая атлетыка), Дзьмітры Дашчынскі (фрыстайл), Сяргей Далідовіч (лыжны спорт), Аляксандар Хацкевіч (футбол), Натальля Цылінская (веласпорт), Любоў Чаркашына (гімнастыка) ды іншыя. Агулам на гэты час — 150 атлетаў у самых розных відах спорту.
Ліст будзе будзе накіраваны ў зацікаўленыя спартовыя ведамствы і органы дзяржаўнай улады.
2 кастрычніка флэшмоб у падтрымку перайменаваньня «Барысаў-Арэны» у гонар Капскага запусьціў футбольны агент зь Віцебска Валеры Ісаеў.
Старшыня праўленьня ФК БАТЭ Анатоль Капскі памёр летась на 53-м годзе ад цяжкай хваробы.