Беларускі народны арт-рок: Relikt выдалі альбом «Дрэва жыцьця». АЎДЫЁ

Вокладка альбому «Дрэва жыцьця» (фрагмэнт)

Менскі рок-гурт Relikt прадставіў на Onliner.by шосты студыйны альбом — «Дрэва жыцьця». Усе песьні можна бясплатна паслухаць на Soundcloud.

Гурт па-ранейшаму грае музыку, якую можна акрэсьліць як альтэрнатыўны рок або арт-рок. Але калі раней толькі некаторыя песьні на альбомах былі перапрацоўкай народных, то цяпер усе 10 трэкаў — народныя ў сучаснай апрацоўцы.

У альбоме разам з гуртом сьпяваюць Ілона Карпюк і Юрка Асеньнік з Падляшша, а таксама грае баяніст Аляксандар Ясінскі, які жыве ў Чэхіі. У альбоме таксама можна пачуць ксыляфон, глюкафон ды іншыя незвычайныя інструмэнты. Для запісу гурт нават зьвяртаўся па кансультацыі да навукоўцаў — гісторыка Алены Ляшкевіч і спэцыялісткі ў этнічных сьпевах Ірыны Мазюк.

Relikt (які раней пісаўся як Re1ikt) утварыўся ў 1999 годзе ў Сьветлагорску, пачынаў з гранджу і альтэрнатыўнага року, пазьней перайшоў да прагрэсіўнага року з элемэнтамі фольку. Першы альбом выдаў у 2006 годзе, калі пераехаў у Гомель. З акустычнай праграмай перамог на «Бардаўскай восені» (2009), з электрычнай перамагаў на «Даём рады», прэміях Tuzinfm.by, Experty.by, Rock-Profi і іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькі