Лекараў Архангельскай абласной бальніцы не папярэдзілі пра тое, што тры дастаўленыя ва ўстанову пацярпелыя пры выбуху ракеты пад Северадзьвінскам былі апрамененыя радыяцыяй.
У аднаго зь лекараў, якія працавалі з пацыентамі, у мышачнай тканіны знойдзены радыеактыўны цэзій-137.
Каля 60 супрацоўнікаў шпіталя будуць накіраваныя ў Маскву на абсьледаваньне. Такія сьцьвярджэньні ўтрымліваюцца ў рэпартажы газэты The Moscow Times.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нарвэгіі выявілі радыяактыўны ёд «у невялікіх канцэнтрацыях»Трое пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцу 8 жніўня аголенымі і загорнутымі ў празрыстыя плястыкавыя мяшкі, адзначае газэта. Яны былі ў цяжкім стане, але мэдыкі ня ведалі пра акалічнасьці атрыманьня пацярпелымі траўмаў — ім было вядома толькі, што на вайсковым аб’екце 8 жніўня адбыўся выбух. Іх спрабавалі эвакуіраваць у Маскву, але двое памерлі па дарозе ў аэрапорт, сьцьвярджаюць крыніцы выданьня.
Лекары падазравалі, што дастаўленыя пацыенты маглі быць падвергнутыя апраменьваньню, але іх асьцярогі ніхто не пацьвердзіў. Паводле дадзеных агенцтва «Паўночныя навіны», пазьней лекары, што кантактавалі з пацыентамі, атрымалі сьвінцовыя фартухі, але гэта нельга лічыць надзейнай абаронай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Трампа пра выбух ракеты: Расея выпрабоўвае «скрадзеныя» ў ЗША тэхналёгіі«Пэрсанал быў шакаваны», — сказаў адзін зь лекараў карэспандэнту Moscow Times. Ён адзначыў, што бальніца, куды прывезьлі пацярпелых, зьяўляецца цывільнай, а не вайсковым шпіталем. Суразмоўніца «Паўночных навінаў» сьцьвярджае, што праз радыеактыўны пыл на некалькі дзён было зачынена прыёмнае аддзяленьне бальніцы і апэрацыйны блёк. Крыніцы выданьня «Медуза» сьцьвярджалі, што палаты, дзе ляжалі пацярпелыя ад выбуху, апрацавалі ад радыеактыўнага заражэньня.
Лекары, якія мелі зносіны з пацыентамі з ракетнага палігону, далі падпіску пра неразгалошваньне, дадае The Moscow Times. Уся інфармацыя аб пацыентах была выдаленая з бальнічнай дакумэнтацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Росатом“ зрабіў злачынства». Эколяг зь Северадзьвінску пра аварыю на сакрэтным палігоне- 8 жніўня сем чалавек загінулі на палігоне пад Северадзьвінскам пры выпрабаванмні ракеты. Двое загінулых былі вайскоўцамі, пяць — супрацоўнікамі адной са структур Расатама.
- Расгідрамэт паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся. Такую ж інфармацыю 8 жніўня давала прэсавая служба Северадзьвінску.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што на палігоне выпрабоўвалася крылатая ракета «Буравесьнік» зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай. Афіцыйна ўлады Расеі не пацьвярджалі, што выбух адбыўся менавіта на выпрабаваньні «Буравесьніка».