14 жніўня Аляксандар Лукашэнка наведаў Касьцюковіцкі раён Магілёўскай вобласьці, дзе праінспэктаваў уборачную кампанію, пацікавіўся становішчам спраў у сельскай і рыбнай гаспадарцы.
«Дзень і ноч араць і сеяць»
Аляксандра Лукашэнку паінфармавалі, што Магілёўскай вобласьці патрэбна 4-5 сухіх дзён, каб завяршыць уборку ўраджаю. Ён нагадаў, што для гэтага ёсьць яшчэ і ноч.
«Дзень і ноч трэба араць і сеяць, своечасова засеяць азімыя. Узяць на кантроль той недабор, які, магчыма, будзе па каласавым збожжы, і кампэнсаваць зернем кукурузы», — загадаў касьцюковіцкім аграрыям былы дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну.
«Хто ня хоча — прымусім»
Лукашэнка настойвае, што паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўшчыны маюць прыносіць куды большую аддачу і штогод дэманстраваць дынаміку росту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аграспэцназ»: у беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной«Сутнасьць гэтага моманту заключаецца ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць. І па форме, і па зьмесьце лічыце, што гэта гістарычны момант для рэгіёну. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. Хто ня ўмее — навучым, хто ня хоча — прымусім».
«Разбоўтанасьць надзвычайная»
Лукашэнка закрануў пытаньні дысцыпліны і выкананьня закону: маўляў, пакуль ня будзе арганізаванасьці, наўрад ці рэальна вырашыць галоўныя праблемы. І паабяцаў прывесьці ў пачуцьці тых, хто займаецца абы чым.
«Разбоўтанасьць насельніцтва надзвычайная, крадзеж проста квітнее. Крадуць усё, пачынаючы ад дызэля і бэнзіну. Проста з поля збожжа вязуць дадому. Абнахабіліся да такой ступені, што нават не хаваюцца, бяруць як сваё. Вось гэта мы выкарчуем», — прыгразіў Лукашэнка.
«Падвоіць вытворчасьць рыбы»
Падчас наведваньня фарэлевай гаспадаркі «Лохва» Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму разьвіцьця рыбных комплексаў, каб аслупаваць стратэгічныя рынкі.
«Нічога складанага, толькі выконваць тэхналёгію. Чаго марудзім, чаго баімся? Тэхналёгіі цудоўныя, рынкі ёсьць. І ўнутры свабодны, і Расея побач. Трэба мінімум падвоіць вытворчасьць рыбы, ня толькі на Магілёўшчыне», — адзначыў Лукашэнка.
«Ніхто чохам рабіць ня будзе»
Лукашэнка раскрытыкаваў старшыню Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца, колішняга міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня, за агульны падыход пры даваньні дзяржаўнай падтрымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук«Вось вы гаворыце пра жыльлё: трэба гэта зрабіць — і сюды ракой народ пацячэ… Перш чым нешта прасіць, трэба бачыць гэтых людзей. Колькі такіх, якія застануцца і будуць працаваць? Ніхто чохам нават вам, як маладому губэрнатару, рабіць ня будзе», — сказаў Лукашэнка.
«Распыляць сродкі не дадзім»
Лукашэнка папярэдзіў мясцовых чыноўнікаў, каб тыя не чакалі празьмерных ільготаў, калі ня будзе доказу іх мэтазгоднасьці і будучай аддачы ад укладаньняў.
«Касьцюковічы — добры горад. Ня ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але што тычыцца прамысловасьці, асабліва з улікам, што нарэшце цэмэнтны завод зашавяліўся, я ня бачу неабходнасьці ў завоблачным ільгатаваньні», — разьвеяў спадзевы Лукашэнка.
***
Агулам Лукашэнка пахваліў землякоў, адзначыўшы, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласьці працуюць найбольш граматныя спэцыялісты сельскай гаспадаркі.
«Больш граматных тэхналягічна ў краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым кірунку дзейнічаць. Распыляць сродкі мы ня будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовыя падставіць плячо пад канкрэтныя аб’екты», — падсумаваў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З 7 баламі ідуць у аграрыі. А потым каровы ў гнаі» — экс-чыноўнік тлумачыць, што з адукацыяй ня так