Журы паэтычнай прэміі Натальлі Арсеньневай вызначылася з доўгім сьпісам сёлетніх прэтэндэнтаў на ўзнагароду.
У доўгі сьпіс увайшлі:
- Уладзімер Арлоў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
- Надзея Артымовіч «Краявід зь невідочнай памылкай». Выдавецтва «Праграмная рада тыднёвіка „Ніва“», Беласток.
- Вера Бурлак «Фантазюркі». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
- Марыя Мартысевіч «Сарматыя». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
- Кацярына Масэ «Беланоч». Выдавецтва «Чатыры чвэрці», Менск.
- Алег Мінкін «Мяне тут не было». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
- Людка Сільнова «Матылёк на кары дрэва». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
- Галіна Сіўчанка «Зоў звычаю». Выдавецтва «Медысонт», Менск.
- Уладзімер Сьцяпан «Папяровая шапка». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
- Віктар Сямашка «Ромб». Выдавецтва «Agencja Wydawnicza Ekopress», Беласток.
У мінулыя гады доўгі сьпіс у прэміі за найлепшую кнігу паэзіі не прадугледжваўся, але сёлета была рэкордная колькасьць заявак — 27 кніг. Таму аргакамітэт прэміі і сябры журы вырашылі дадаткова стварыць доўгі сьпіс, каб адзначыць усе вартыя паэтычныя зборнікі.
Кароткі сьпіс прэміі будзе вядомы ў канцы жніўня, а пераможцу назавуць на цырымоніі ўзнагароджаньня, якая адбудзецца 10 верасьня.
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі; паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская; літаратуразнаўца і доктар філялягічных навук Анжэла Мельнікава; паэтка і бард Лера Сом; паэт Дзьмітры Строцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэміяй імя Натальлі Арсеньневай узнагародзілі Алеся РазанаваАрганізатары прэміі імя Натальлі Арсеньневай: Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай (1903–1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым ляўрэатам прэміі стаў Уладзімер Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы», другім — Алесь Разанаў з кнігай «Перавыбранае».