Беларусь і Эстонія правялі ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для таго, каб дамова аб сацыяльным забесьпячэньні жыхароў абедзьвюх краін уступіла ў сілу.
31 ліпеня тэкст дамовы афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.
Дамову падпісалі ў сьнежні 2018 году. Потым яе ратыфікавалі парлямэнты. І Беларусь, і Эстонія прызначае і выплачвае працоўную пэнсію на падставе працоўнага стажу, назапашанага на яе тэрыторыі. Гэта азначае, што беларусы, якія раней працавалі ў Эстоніі, а пасьля выйшлі на пэнсію, будуць атрымліваць сваю частку пэнсіі за гэты час. Такія ж умовы створаны і для грамадзян Эстоніі, якія перад выхадам на пэнсію працавалі ў Беларусі.
Дамовы пра «экспарт» пэнсій Беларусь пакуль мае зь Літвой (падпісана ў 1999 годзе), Расеяй (2006), Латвіяй (2008), Азэрбайджанам (2014), Чэхіяй (2018). Падпісаная, але пакуль не ратыфікаваная, і дамова з Польшчай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зь беларусаў і калі зможа атрымліваць «польскую» пэнсію?