Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў перадумаў наведваць Менск, каб назіраць за цырымоніяй адкрыцьця II Эўрапейскіх гульняў. Пра гэта паведамляюць азэрбайджанскія СМІ.
Азэрбайджан, краіну-гаспадыню першых Эўрагульняў 2015 году, у Менску будзе прадстаўляць сьпікер парлямэнту Агтай Асадаў. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў tut.by амбасадар Азэрбайджану ў Беларусі Латыф Гандзілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі перапыніць візыт у Беларусь: прычына — пратэсты ў ТбілісіРаней стала вядома, што праз вулічныя пратэсты ў Тбілісі ня зможа прысутнічаць на цырымоніі прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна прыляцела ў Менск напярэдадні, аднак была вымушаная перапыніць візыт і вярнуцца на радзіму. Адразу пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Зурабішвілі накіравалася ў аэрапорт.
Зь іншых кіраўнікоў на цырымонію адкрыцьця Эўрагульняў у Беларусь прыбылі прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч і старшыня Прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны Міларад Додзік. Акрамя таго, у Менску чакаюць прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.