Чаму засілілася маці ў Горадні і як зьменшыць рызыку суіцыдаў у радзільнях?

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Чаму маладая маці ў Горадні наклала на сябе рукі пасьля таго, як нарадзіла здаровае дзіця? Ці можа мець дачыненьне да гэтага пасьляродавая дэпрэсія? Як у парадзіх сыстэмна фармуюць пачуцьцё віны і як мінімізаваць падобныя выпадкі? Свабода задала гэтыя пытаньні акушэрцы-гінэколягу і псыхолягу Вользе Мікруковай. У матэрыяле — ейныя асноўныя думкі на гэты конт.

Вольга Мікрукова

Вольга Мікрукова — сузаснавальніца дзіцячага і сямейнага цэнтру «Лелека» ва Ўкраіне, кіравала рэгіянальным цэнтрам укараненьня сучасных пэрынатальных тэхналёгій абласнога ўпраўленьня аховы здароўя ва ўкраінскім Дніпры, акушэрка-гінэколяг, вядучы лекар радзільні ў чэскіх Карлавых Варах, псыхоляг, суаўтарка ўнікальнай першай праграмы для падрыхтоўкі да родаў і бацькоўства, паводле якой працуюць сямейныя цэнтры падрыхтоўкі да родаў ва Ўкраіне.

Коратка

  • Няма самагубства без дэпрэсіі, і няма дэпрэсіі без пачуцьця віны.
  • Дэпрэсія — гэта захворваньне. Яго нельга вылечыць намаганьнем волі або словамі: «Чаго ты тужыш? Годзе. Ідзі лепей дзіця пакармі».
  • Пасьляродавая дэпрэсія не ўзьнікае на пустым месцы. Падставы для яе меліся быць яшчэ да нараджэньня дзіцяці. Роды сталі спускавым мэханізмам.
  • У радзільнях, гінэкалягічных кансультацыях фармуюць пачуцьцё віны ў жанчын праз пазыцыю «лекар разумны, ён лепей ведае».
  • Для эфэктыўнага мацярынства варта сфармаваць у жанчыны кампэтэнтнасьць у новай ролі маці. У гэтым дапаможа стаўленьне да яе: «Ты здолееш. У цябе атрымаецца».

«Няма дэпрэсіі без пачуцьця віны»

«Няма самагубства без дэпрэсіі, і няма дэпрэсіі без пачуцьця віны», — упэўнена Вольга Мікрукова.

Часам людзі блытаюць народнае разуменьне «дэпрэсіі» і дэпрэсію як клінічнае захворваньне. Першае праяўляецца паніжаным настроем, які мінае празь нейкі час. Чалавек у стане працаваць, клапаціцца пра сябе, быць актыўным у сацыяльным жыцьці.

Вызначыць дэпрэсію як захворваньне можна па сымптомах:

  1. апатыя, туга, страта цікавасьці, нежаданьне рухацца, якія трываюць болей за 2 тыдні безь перапынку. Ня варта блытаць з сумнымі думкамі, якія цягам дня то прыйдуць, то пойдуць;
  2. парушэньне сну;
  3. парушэньне апэтыту. Людзі ў дэпрэсіі звычайна моцна худзеюць. Пры скрытай дэпрэсіі могуць, наадварот, празьмерна шмат есьці і набіраць вагу;
  4. страта сацыяльных сувязяў, менш тэлефонных званкоў, чым звычайна, меней сустрэч зь людзьмі;
  5. самаабвінавачваньне;
  6. суіцыдальныя думкі, спробы суіцыду.

Што можа выклікаць дэпрэсію?

Ілюстрацыйнае фота

  1. Мала «радасных» гармонаў. Гэта вызначаецца генэтыкай. У некаторых людзей выпрацоўваецца менш гармонаў, якія адказваюць за радасьць і ўменьне канструктыўна рэагаваць у складаных сытуацыях, а болей стрэсавых гармонаў.
  2. Выхаванае пачуцьцё віны. Калі бацькі выкарыстоўваюць такую мадэль выхаваньня, пры якой часта абвінавачваюць дзіця («Гэта празь цябе тата пайшоў зь сям’і», «Паглядзі, як ты кепска вучысься»), у яго гэта замацоўваецца. Такі чалавек становіцца схільным да самаабвінавачваньня, а пачуцьцё віны — важны складнік дэпрэсіі.
  3. Моцныя траўмы. Аварыі, страты блізкіх, згвалтаваньне (асабліва ў дзяцінстве) ды іншыя жыцьцёвыя катастрофы натуральна выклікаюць засмучанасьць. Калі гэтыя сытуацыі не перажыць, не аплакаць і ўрэшце не прыняць, то чалавек можа зафіксавацца на траўме і ня выйсьці зь яе.

Пасьляродавая дэпрэсія — адзін зь відаў дэпрэсіі, якая абвастраецца пасьля нараджэньня дзіцяці. Яна не ўзьнікае на пустым месцы, а праяўляецца ў стрэсавых для жанчыны ўмовах. І роды становяцца спускавым мэханізмам для ейнага пачатку. Аднак перадумовы былі закладзеныя ўжо раней.

Паводле сусьветнай статыстыкі, 13% жанчын перажываюць пасьляродавую дэпрэсію.

Сапраўдную дэпрэсію трэба лячыць мэдыкамэнтамі, якія дапамогуць збалянсаваць узровень гармонаў, а таксама псыхатэрапіяй, каб прапрацаваць траўматычныя сытуацыі.

Як у радзільнях фармуюць пачуцьцё віны

Ілюстрацыйнае фота

​Падчас цяжарнасьці, родаў і ў пэрыяд догляду дзіцяці ў маці варта сфармаваць здаровую дамінанту, кампэтэнтнасьць у новых ролях цяжарнай жанчыны, парадзіхі, маладой маці: «Ты здолееш. У цябе ўсё атрымаецца. У іншых таксама бываюць цяжкасьці ў гэтай сфэры, але іх можна пераадолець». Такая жанчына робіць фізычныя практыкаваньні перад родамі, рыхтуецца, шукае неабходную інфармацыю.

Аднак у гэты час досыць лёгка можна сфармаваць у яе пачуцьцё віны, што яна кепская маці. Апошні варыянт фармуецца, калі лекар ставіць сябе ў пазыцыю «Я разумны. Я лепей ведаю, што з вамі адбываецца, што вы адчуваеце. Гэта ня схваткі, вам здаецца. Я лепей ведаю, у якой пазыцыі вам зручней нараджаць. Паглядзіце, якое ў вас млявае дзіця, вы слаба пяліся». У жанчыны ў гэтай сытуацыі руйнуецца здаровая дамінанта. Яна выходзіць зь яе з адчуваньнем «Я кепская маці. Я ня здолела». Любое дырэктыўнае ўмяшаньне ў працэсе родаў жанчына несьвядома ўспрымае як гвалт, а гэта таксама вядзе да дэпрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не звар’яцець». Як у Беларусі працуе група дапамогі парадзіхам

Цягам усёй радавой дзейнасьці ў маці выпрацоўваецца гармон аксытацын, або гармон любові, прывязанасьці да малога. У момант, калі маці ўпершыню бярэ яго на рукі, дасягаецца ягоны максымум. Аднак калі ставяць капельніцы з аксытацынам, што часта практыкуецца ў радзільнях на постсавецкай прасторы, уласны аксытацын можа выдзеліцца ў меншай колькасьці, чым патрэбна, а разам з тым сфармавацца недастатковая прывязанасьць да дзіцяці.

Такая маці можа выразна адчуваць, што ня можа палюбіць свайго сына або дачку. Гэта таксама выклікае пачуцьцё віны. Аднак варта адзначыць, што неабходнасьць іньекцыі аксытацыну ў некаторых выпадках можа быць большай, чым шкода, тады ён незаменны і дазваляе пазьбегчы сур’ёзных праблем у родах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя вызначыла, каго пусьцяць у радзільныя дамы

Калі жанчыне кажуць, што яна няправільна трымае дзіця, ня так корміць, што яна сама вінаватая, што ў яе няма малака, то яна таксама адчувае сябе кепскай маці. У першыя дні пасьля родаў свайго малака і не павінна быць, і нармальна, калі дзіця крыху страчвае вагу. Калі нехта хоча навучыць жанчыну карміць дзіця, лепей сказаць так: «Табе было б больш зручна ўзяць вось гэтак».

Псыхіка жанчына ў першыя тры дні пасьля родаў вельмі ўразьлівая — як псыхіка немаўляці. Таму любое ўзьдзеяньне робіць нашмат большы ўплыў, чым пры звычайных умовах. Таму варта ў гэты час размаўляць з парадзіхамі асабліва асьцярожна, а самім маці варта максымальна абмежаваць кантакты.

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Дэпрэсія магла застацца ад страты папярэдняга дзіцяці

Пра выпадак з маці ў горадзенскай радзільні Вольга Мікрукова кажа, што інфармацыі для высноваў вобмаль. Аднак можна рабіць здагадкі, што магло паўплываць на дэпрэсіўны стан.

Вядома, што сям’я раней страціла іншае немаўля. Страта магла застацца непрапрацаванай, неперажытай да канца, да стану прыняцьця. Тады маці магла знаходзілася ў скрытай дэпрэсіі ад той сьмерці.

У такім выпадку другое дзіця магло стаць для маці замяшчальным, то бок мусіла замяніць памерлае немаўля, а ня стаць іншай, новай асобай. Калі чаканьні ад другога дзіцяці ня спраўдзіліся, калі яно неяк адрозьнівалася ад таго, якім яно павінна было быць ва ўяўленьні, то маці таксама магла ня справіцца зь перажываньнямі.

Вядома, што жанчына заставалася ў радзільні мінімум восем дзён. Гэта значыць, што былі падставы пакінуць яе ў шпіталі даўжэй, бо паводле пратаколу выпісаць маці і дзіця могуць ужо на трэці дзень. Гэтыя падставы таксама маглі паўплываць на псыхічны стан парадзіхі.

Застаецца пытаньне, ці мела жанчына ў гэты час кантакт з блізкімі, ці яны дастаткова яе падтрымлівалі. Ізаляцыя ў радзільні шкодзіць псыхічнаму стану парадзіхі.

Ілюстрацыйнае фота

Засілілася пасьля нараджэньня здаровага дзіцяці

Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці 27-гадовай жанчыны. Высьвятляюцца абставіны здарэньня. Пасьля заканчэньня праверкі таму, што адбылося, дадуць прававую ацэнку, паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Сьледчага камітэту.

Па словах парадзіх, Алена павесілася ў сталоўцы свайго аддзяленьня на батарэі. Яе знайшла суседка па палаце каля трэцяй ночы.

Па інфармацыі парталу Tut.by, жанчына нарадзіла здаровую дзяўчынку 6 чэрвеня. Блізкія нябожчыцы кажуць, што дачка была чаканай. Раней пара страціла нованароджанае дзіця.