Суд Кобрыньскага раёну вынес прысуд арганізатару паставак санкцыйных садавіны і гародніны з Заходняй Эўропы празь Беларусь у Расею, паведаміла прэс-служба Камітэту дзяржкантролю Беларусі.
Крымінальная справа за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэку Беларусі) ў дачыненьні да расейца, які наладзіў канал пастаўкі «санкцыйных тавараў», была заведзеная ў 2018 годзе.
17 чэрвеня суд пакараў яго 5 гадамі пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады 5 гадоў. Таксама ў яго канфіскавалі легкавы аўтамабіль «Мэрсэдэс», 6 грузавых аўтамабіляў і 4 паўпрычэпы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Смаленскам і Бранскам за тыдзень зьнішчылі 110 тон яблыкаў, увезеных зь БеларусіЯк высьветліла сьледзтва, прыватнае кобрынскае прадпрыемства «ЭлитОвощТорг-транс» набывала за мяжой польскія яблыкі і турэцкія таматы, афіцыйна ўвозіла іх у Беларусь, аплочваючы неабходныя мытныя плацяжы, а пасьля дастаўляла на адзін з маскоўскіх рынкаў. Аднак паводле бухгальтарскага ўліку прадпрыемства, прадукцыю прадавалі за наяўны разьлік на беларускіх рынках.
Толькі за 2016-2017 гады і першы квартал 2018 году «ЭлитОвощТорг-транс» пераправіла ў Расею больш за 1000 вялікагрузных 20-тонных аўтамабіляў з санкцыйнай садавіной і гароднінай. У выніку суд даналічыў кобрыньскаму прадпрыемству даналічаныя падаткі ў памеры звыш 2,5 млн беларускіх рублёў.
Падчас папярэдняга расьсьледаваньня ў бюджэт паступіла больш за 1,5 млн рублёў у якасьці кампэнсацыі нявыплачаных падаткаў.