Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька агучыў 25 пытаньняў, выбраных у межах кампаніі #ДзеАдказ.
Раней ён, натхнёны ролікамі з украінскіх прэзыдэнцкіх выбараў, заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсьці ў жывы эфір і адказаць на пытаньні ад звычайных беларусаў. Калі Лукашэнка праігнараваў заклік, Лябедзька з камандай сабралі тыя пытаньні, якія беларусы пісалі ў сацсетках, і выбралі зь іх 25 асноўных.
Цяпер беларусаў заклікаюць падпісваць пэтыцыю на сайце Change.org і адсылаць электронныя звароты праз сайт president.gov.by з просьбай адказаць на гэтыя пытаньні.
А пытаюць пра:
- справядлівыя выбары;
- рэальную незалежнасьць Беларусі;
- справядлівы незалежны суд;
- вынікі прыватных сустрэчаў з Пуціным;
- расейскую прапаганду на беларускай ТВ;
- зьнікненьні Ганчара, Завадзкага, Захаранкі і Красоўскага;
- хлусьню пра тое, нібыта невядома, хто і каго расстраляў у Курапатах;
- даўно абяцаныя заробкі па пяцьсот і па тысячы даляраў;
- шляхі вяртаньня крэдытаў;
- разьвіцьцё малога бізнэсу;
- раздачу зямельных участкаў чыноўнікам;
- раскошныя палацы і рэзыдэнцыі;
- інспэктаваньне калгасаў асабіста прэзыдэнтам;
- зьнявагу дзяржавай нацыянальнай сымболікі;
- падтрымку беларускай мовы на дзяржаўным узроўні;
- разьвіцьцё адукацыі;
- перадачу рэзыдэнцыяў міністэрствам здароўя і адукацыі;
- вялікую колькасьць міліцыі і яе бясчынствы;
- сваякоў на кіроўных пасадах;
- фактычна датэрміновыя парлямэнцкія выбары;
- закон аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі;
- вырваныя крыжы з Курапатаў;
- раптоўнае «патаньненьне» БелАЭС;
- сыход з пасады;
- адчуваньне сораму.
Лябедзьку прысылалі і жартаўлівыя пытаньні, прыкладам, пра пахудзеньне да лета або выхад відэагульні Half-Life 3, але яны ў сьпіс ня трапілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары, мова, наркотыкі. 10 заяваў з пасланьня Аляксандра Лукашэнкі