Фядыніча апраўдалі па адміністрацыйнай справе за зьяўленьне ў п’яным выглядзе

Генадзь Фядыніч

Намесьнік начальніка ўпраўленьня міліцыі Цэнтральнага раёну Менску палкоўнік Аляксандар Басаў закрыў адміністрацыйную справу супраць былога старшыні РЭП Генадзя Фядыніча, асуджанага на абмежаваньне свабоды («хатнюю хімію»).

Справа зьявілася пасьля таго, як 30 сакавіка Генадзя Фядыніча затрымалі двое супрацоўнікаў міліцыі і адвезьлі на мэдычны агляд. Прафсаюзнаму актывісту інкрымінавалі частку першую артыкула 17.3 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях — зьяўленьне ў грамадзкіх месцах у стане ап’яненьня. Гэта пагражала штрафам да 204 рублёў.

Пры гэтым Фядыніч прызнаваў, што сапраўды выпіў крыху каньяку, але быў дома, у грамадзкіх месцах не зьяўляўся — за выключэньнем паездкі зь міліцыянтамі.

Фядыніч падыхаў у трубку — апарат паказаў 1,5 праміле, узяць кроў для больш дакладнага аналізу мэдыкі адмовіліся. 3 красавіка міліцыя вынесла Фядынічу першую вымову за парушэньне рэжыму адбываньня «хатняй хіміі».

25 красавіка намесьнік начальніка ўпраўленьня міліцыі Цэнтральнага раёну Менску палкоўнік Аляксандар Басаў разглядаў пратакол аб зьяўленьні Фядыніча ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы.

«Пасьля майго апытаньня, прагляду відэа і выступленьня адваката палкоўнік нечакана спытаў: што прапануе абаронца? Мая адвакат заявіла, што ня ўгледзела ў маіх дзеяньнях элемэнтаў адміністрацыйнага правапарушэньня. Спадар Басаў зь ёй пагадзіўся і спыніў адміністрацыйны перасьлед у сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня», — сказаў Свабодзе Генадзь Фядыніч.

Вымова Фядынічу застаецца ў сіле. А вось грашовага штрафу ён пазьбег.

Пасьля трох вымоваў «хатнюю хімію» могуць замяніць на больш жорсткія ўмовы адбыцьця пакараньня.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
  • Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
  • У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
  • З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
  • З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь незалежнага прафсаюзу гарнякоў выйшлі 1000 чалавек. Лідэры заяўляюць: «Нам абвешчаная вайна»