Апазыцыйныя палітыкі і грамадзкія актывісты сустрэліся з прадстаўнікамі групы дружбы «Францыя — Беларусь», створанай у францускім Сэнаце. Француская дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі зь першым візытам 15–19 красавіка.
Канапацкая: Я разумею іх асьцярожнасьць
Сярод удзельнікаў сустрэчы была дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.
Канапацкая сказала Свабодзе, што ёй было лягчэй за іншых знайсьці паразуменьне з французамі. І ня толькі таму, што яна мае пэўны парлямэнцкі статус, а і таму, што асабіста ведае двух сэнатараў з трох, якія прыляцелі ў Менск, у тым ліку кіраўніка дэлегацыі Шарля Генэ.
«Я нагадала ім сустрэчу ў Парыжы ў сакавіку 2018 году. І адзначыла, што нейкіх прынцыповых, фундамэнтальных зьменаў за гэты час у Беларусі не адбылося. Канечне, усе мы за пашырэньне эканамічных сувязяў з Францыяй. Аднак я разумею французаў — і дзяржаўныя структуры, і прыватных бізнэсоўцаў, якія вельмі асьцярожна ставяцца да інвэстыцыяў у Беларусь. Любому інвэстару неабходна надзейная абарона ягоных грошай у чужой краіне. Для гэтага патрэбныя сумленны і незалежны суд, адказнасьць уладаў. А ў нас гэтага няма, і наагул істотныя эканамічныя і фінансавыя перамены немагчымыя без структурных палітычных рэформаў унутры Беларусі», — сказала апазыцыйная дэпутатка Канапацкая.
Ганна Канапацкая выказалася ў размове з сэнатарамі і наконт дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам:
«Беларусь дэкляруе сваю адкрытасьць да дыялёгу з Эўропай. Я таксама за дыялёг. Прычым падкрэсьліла, што гэта мая пазыцыя ня толькі як дэпутата, але і як прадстаўніцы палітычнай апазыцыі. Аднак дыялёг павінен быць абумоўлены ўжываньнем у Беларусі ўсіх нормаў эўрапейскай дэмакратыі, якія так добра вядомыя ў Францыі».
Дзьмітрыеў: Францускія інвэстыцыі патрэбныя Беларусі
Адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў Свабодзе, што ён даводзіў французам неабходнасьць эканамічнага ўзмацненьня Беларусі — тады будзе прасьцей супрацьстаяць расейскім шавінісцкім амбіцыям.
«Я згодны з Канапацкай. Перамены ў Беларусі вельмі марудныя, фактычна незаўважныя. Але шмат чаго можна рабіць у прыватным сэктары. Трэба, каб людзі маглі там больш зарабляць, рэалізаваць свае магчымасьці і амбіцыі.
Дзеля гэтага Беларусі патрэбныя інвэстыцыі з Францыі, дапамога ў будаваньні нацыянальнага бізнэсу, падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу, асабліва ў рэгіёнах» — казаў на сустрэчы Андрэй Дзьмітрыеў.
Прадстаўнік «Гавары праўду» зьвярнуў увагу і на патрэбу замежнай дапамогі для беларускай грамадзянскай супольнасьці.
«У Францыі існуе Акадэмія дзяржаўнага кіраваньня. І мы ведаем, што беларускіх чыноўнікаў запрашаюць туды на стажыроўкі. Я казаў, што было б добра, калі б вучыцца езьдзілі і прадстаўнікі недзяржаўных структураў.
Мы згадвалі, што раней працавала француская праграма імя Багушэвіча для падтрымкі беларускай літаратуры. Але, на жаль, цяпер яна згорнутая», — кажа Андрэй Дзьмітрыеў.
Гулак: Пра правы чалавека казалі ўсе
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак адзначае, што тэму правоў чалавека ў той ці іншай ступені закраналі ўсе ўдзельнікі сустрэчы з францускімі сэнатарамі.
«Сэнатары казалі, што яны ведаюць пра стан рэчаў з правамі чалавека ў Беларусі. Але ім важна было пачуць ацэнку сытуацыі ад людзей, якія добра гэта ведаюць.
Яны абяцалі ўзьняць гэтую тэму пры сустрэчах зь беларускімі афіцыйнымі асобамі: у Савеце Рэспублікі, Канстытуцыйным судзе, Міністэрстве замежных спраў, іншых арганізацыях», — сказаў старшыня БХК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч выказаў спачуваньне французам ад Беларусі ў сувязі з пажарам у саборы Notre-DameХроніка француска-беларускіх сустрэч
- 14–15 лістапада 2017 году Беларусь наведала дэлегацыя францускіх кампаній.
- Група дружбы «Францыя-Беларусь» была ўтвораная ў сэнаце Францыі ў 2018 годзе.
- 25–28 чэрвеня 2018 году Менск і Берасьце наведала дэлегацыя групы дружбы «Францыя-Беларусь» Нацыянальнай асамблеі Францыі.
- 11 лістапада 2018 году старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч у Парыжы сустрэўся з прэзыдэнтам Сэнату Францыі Жэрарам Ларшэ.