Беларуская мова зь вялікай сцэны ўпершыню прагучала ў 1852 годзе, калі ў Менску паставілі «Ідылію» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.
Заснавальнік і кіраўнік мастацкага калектыву «Беларуская капэла», заслужаны артыст Беларусі, опэрны сьпявак Віктар Скарабагатаў ініцыяваў стварэньне памятнай шыльды ў гонар першага публічнага гучаньня беларускай мовы з прафэсійнай тэатральнай сцэны.
Дагэтуль адметнасьці мовы ўшаноўвалі праз унікальную літару альфабэту — у Полацку ёсьць помнік «Ў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку зьявіўся абноўлены помнік літары «Ў»Грамадзянскі ўчынак аўтараў «Ідыліі»
Паводле Віктара Скарабагатава, у 1852 годзе Менскі гарадзкі тэатар паставіў опэру «Ідылія» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Так упершыню з прафэсійнай сцэны загучала беларуская мова, за карыстаньне якой у той час маглі пакараць аж да турэмнага зьняволеньня. Адпаведна, з боку творцаў гэта быў і грамадзянскі ўчынак.
Сёлета 5 траўня будзе адзначацца 200-гадовы юбілей Манюшкі і, на перакананьне спадара Скарабагатава, справай гонару было б ушанаваць такую значную падзею.
У 2016 годзе ў сквэры каля ратушы на плошчы Свабоды ў Менску ўжо зьявілася скульптурная кампазыцыя Льва і Сяргея Гумілеўскіх, прысьвечаная стваральнікам беларускай нацыянальнай клясычнай опэры — кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу.
Ідэю падгледзеў у чэхаў
Як мяркуе Віктар Скарабагатаў, мэмарыяльную дошку варта павесіць на менскім гатэлі «Эўропа» — на частцы яго падмуркаў колісь стаяў будынак гарадзкога тэатру. У свой час ён сам займаўся ў музычнай вучэльні, якая потым месьцілася ў гістарычных сьценах тэатра, вывучаў творчасьць Манюшкі ў рамках курсу «Замежная музыка».
«Зразумела, што такое месца ня можа быць выпадковым, — кажа Віктар Скарабагатаў. — Шмат хто зь менчукоў, пэўна, памятае, што яшчэ ў 1980-х там стаяў будынак, у якім была музычная вучэльня, у ёй сярод іншых займаўся і я. На вялікі сорам, нам нават не расказвалі, што ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя на гэтым месцы працаваў гарадзкі тэатар — пра тое даведаўся значна пазьней. І менавіта тут Манюшка ставіў свае першыя опэры. На шчасьце, цяпер гэта факт вядомы і майстра пачынаюць шанаваць як свайго».
Віктар Скарабагатаў кажа, што ідэю памятнай шыльды ў свой час падгледзеў падчас гастроляў у Празе: там на сьцяне Нацыянальнага тэатру ўшанаваны «першы выпадак гучаньня чэскай мовы на драматычнай сцэне» у ХІХ стагодзьдзі.
«Акурат тады такая ідэя мне і прыйшла ў галаву — нам таксама неабходна зрабіць нешта падобнае, — працягвае творца. — Балазе сёлета такая выдатная нагода — 200 гадоў Манюшку, юбілей вельмі сур’ёзны. Амаль за 1000 гадоў Менску ў артыстычных колах ці знойдзем яшчэ хоць аднаго менчука, які б меў такі міжнародны аўтарытэт? Яго ў літаральным сэнсе ведаюць ва ўсім сьвеце! Хто яшчэ дасягнуў падобных вышыняў? Вось і адказ на пытаньне, чаму нам, яго нашчадкам, гэта трэба зрабіць».
Эскіз дошкі робяць студэнты-скульптары
Эскіз памятнай дошкі распрацоўвае вядомы скульптар Уладзімер Слабодчыкаў са сваімі студэнтамі зь Беларускай акадэміі мастацтваў. У ягоным творчым здабытку ўжо ёсьць мэмарыяльная шыльда на доме па менскай вуліцы Інтэрнацыянальная, 21, дзе Станіслаў Манюшка выяўлены за раялем.
«Нарадзіць ідэю — адно, але ж пад яе патрэбная база, — гаворыць Віктар Скарабагатаў. — Я зьвярнуўся да дэкана артыстычнага факультэту Акадэміі мастацтваў Уладзімера Мішчанчука. Ён выступіў на рэктараце, атрымаў падтрымку, праблемаў ня ўзьнікла. Напісаў ліст у Акадэмію музыкі, і там гэта ўспрынялі як належнае. Калектыўны зварот пайшоў на імя дырэктара гатэля, які таксама паставіўся вельмі добра. Таму спадзяюся, усё будзе добра, проста пытаньне часу — колькі пойдзе на рэалізацыю ідэі».
Падтрымала ідэю і Міністэрства культуры. Адзінае, там папярэдзілі, што на гэты момант лішніх грошай у бюджэце няма. Ці ня думаюць у такой сытуацыі ініцыятары зьвярнуцца па народную падтрымку? Досьвед збору сродкаў на шыльду БНР, памятныя дошкі літаратарам, помнік Касьцюшку сьведчыць, што талакой можна рэалізаваць любыя задумы.
«Так, праблема існуе — грошай пакуль няма, пайшлі на Эўрагульні, — пацьвярджае ён. — Але думаю, што ня варта адразу зьвяртацца да людзей, якраз той выпадак, калі ініцыятыва мусіць быць падтрыманая дзяржавай — гэта яе наўпроставы абавязак, не такія ўжо значныя патрабуюцца сродкі. Ня думаю, што надта прынцыпова, адбудзецца гэта да 5 траўня, дня нараджэньня кампазытара, ці крыху пазьней. Абы ўрэшце адбылося».
Няма менчука больш выбітнага, чым Манюшка
Віктар Скарабагатаў усьцешаны, што праз столькі гадоў забыцьця Станіслава Манюшку нарэшце залічылі да творцаў, якімі павінны ганарыцца беларусы.
«Яшчэ калі вучыўся, быў неверагодны парадокс: творчасьць Манюшкі ў нас выкладалася па прадмеце „Замежная музыка“. Як анэкдот цяпер можна расказваць. Гэта як вывучалі Адама Міцкевіча, Яна Чачота ці Ўладзіслава Сыракомлю па замежнай літаратуры. Цяпер, дзякуй Богу, у гэтым сэнсе жывём зусім у іншых варунках. Тым ня менш працягваць асьветніцкую працу трэба: яшчэ ня ўсе нашыя суайчыньнікі разумеюць постаць Манюшкі як артыстычнага лідэра свайго часу. Над гэтым працуем».
2019-ы праходзіць пад знакам 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі — аднаго з самых славутых кампазытараў за ўсю гісторыю беларускага краю. Аўтар шматлікіх песень, опэр, апэрэт, балетаў зьявіўся на сьвет 5 траўня 1819 году ў фальварку Убель Ігуменскага павету (цяпер Чэрвеньскі раён). Ад велічнай сядзібы сёньня мала што засталося — вёска і навакольныя пабудовы былі зьнішчаныя падчас карнай апэрацыі немцаў у 1943 годзе.
У сярэдзіне 1960-х на месцы колішняй сядзібы зьявіўся памятны знак з нотным запісам некалькіх тактаў арыі з опэры «Галька». Магчымасьць адбудовы маёнтка пакуль не абмяркоўваецца, хоць адпаведная праектная дакумэнтацыя распрацаваная яшчэ на пачатку 1990-х.
У суседняй Польшчы Станіслава Манюшку шануюць як клясыка польскай музыкі, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай опэры.