Пасьля трох месяцаў маўчаньня Быхаўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту пазнаёміў маці памерлага на ўроку фізкультуры 8-гадовага школьніка Ягора Бабашкі з расьсьледаваньнем справы. Трагедыя адбылася 19 кастрычніка 2018 у вёсцы Лудчыцы (Магілёўская вобласьць).
Вользе Бабашцы паведамілі, што абставіны сьмерці яе сына высьвятляюць менскія экспэрты. Быхаўскія сьледчыя разьбіраюцца з пытаньнем, ці ў час прыехала хуткая дапамога ў школу.
Апошні раз Вольга гутарыла са сьледчымі ў лістападзе 2018 году — празь месяц пасьля таго, як памёр сын.
Не атрымаўшы адказаў на пісьмовыя звароты ў раённую пракуратуру і Сьледчы камітэт, Вольга распавяла пра сытуацыю Свабодзе. 12 сакавіка, празь дзень, пасьля публікацыі на сайце Радыё Свабода, Вольгу запрасілі ў Сьледчы камітэт. 16 сакавіка яна пагутарыла са сьледчым.
Што здарылася ў вясковай школе і як памёр яе вучань
Трэцяклясьнік Ягор Бабашка памёр у Лутчыцкай школе 19 кастрычніка 2018 году /a/29557583.html . У яго была прыроджаная анамалія будовы сэрца. Хлопчыку за два гады да сьмерці выставілі дыягназ «Сындром WPW».
Двойчы яго забірала хуткая дапамога са школы, бо на ўроках яму станавілася кепска. Урачы прапісалі Ягору займацца фізкультурай у падрыхтоўчай групе, а перад навучальным годам класьціся ў шпіталь.
Так было да 2018-га. Як сьцьвярджае яго маці, летась у жніўні ў Магілёўскай абласной бальніцы вырашылі шпіталізацыю перанесьці на сьнежань, бо ў стане здароўя дзіцяці ня выявілі пагаршэньня. Праз два месяцы Ягор памёр. Вольга Бабашка лічыць: калі б сын паляжаў у бальніцы перад навучальных годам, то застаўся жывым.
Што высьветліла маці памерлага ў Сьледчым камітэце
Паводле Вольгі Бабашкі, у Сьледчым камітэце не сказалі, колькі часу зойме расьсьледаваньне сьмерці Ягора. Цяпер у высьвятленьні абставінаў удзельнічаюць менскія мэдыкі, якія дасьледуюць дзіцячыя паталёгіі і зьвязаныя з імі сьмерці. Яны займаюцца справай Ягора са студзеня.
Сьледчыя паведамілі жанчыне, што беларускіх адмыслоўцаў у гэтай галіне ня шмат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імгненнае спыненьне сэрца». Маці шукае праўду пра сьмерць сына на ўроку фізкультурыКолькі ехала хуткая дапамога: 40 ці 14 хвілінаў
Сьледчыя ж у самім Быхаве разьбіраюцца, за які час на месца здарэньня прыбыла хуткая дапамога і, ці слушна дзейнічала мэдычная брыгада.
Як сьцьвярджае Вольга, мэдыкі прыехалі ў школу праз 40 хвілін, як іх выклікалі. Акрамя таго яны не былі гатовыя да ратаваньня дзіцяці з сардэчным прыступам, бо ня мелі належнай камплектацыі мэдыкамэнтаў.
У райвыканкаме ж настойваюць, што дарогу з Быхава да Лутчыцкай школы хуткая дапамога адолела за 14 хвілінаў.
«Мэдыкі працяглы час рабілі рэанімацыйныя дзеяньні, але запусьціць сэрца не ўдалося. Да прыбыцьця хуткай дапамогі дзіцяці намагаліся дапамагчы настаўнік фізкультуры і мясцовы фэльчар», — казаў інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН намесьнік старшыні Быхаўскага райвыканкама Ігар Агнэтаў.
Райцэнтар месьціцца за 10 кілямэтраў ад Лутчыц.
Гісторыя стасункаў маці памерлага вучня са сьледчымі
У лістападзе 2018 году Вольга сама настаяла на сустрэчы са сьледчымі. Гэта была апошняя гутарка жанчыны ў Сьледчым камітэце за тры наступныя месяцы. Тады ёй далі магчымасьць прагледзіць вынікі экспэртызы, паводле якой хлопчык памёр «праз захворваньне і імгненнае спыненьне сэрца».
Аднак дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі высновы экспэртызы, жанчына не атрымала. Быхаўскі аддзел ЗАГС выдаў пасьведчаньне аб сьмерці, дзе ў графе «прычына сьмерці» упісаны код R99, то бок прычына ня вызначаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць на бягу. Чаму дзеці гінуць на ўроках фізкультуры і як ад гэтага засьцерагчысяУ Вольгі не засталося і дакумэнтаў пра лячэньне сына. Яна сьцьвярджае, што іх забрала галоўны пэдыятар раёну ў дзень сьмерці Ягора.
«Пакуль я была ў школе, яна прыехала да маёй маці, а тая, разгубленая ад таго, што здарылася зь Ягорам, аддала ўсё ёй. Цяпер у нас няма нічога на руках», — кажа Вольга.
Праз тры дні пасьля сьмерці Ягора, 22 кастрычніка, Сьледчы камітэт паведаміў аб прызначэньні судова-мэдычнай экспэртызы. Па выніках праверкі мелася быць прынятае «канчатковае працэсуальнае рашэньне».
За мінулыя чатыры месяцы афіцыйных зьвестак аб прычынах сьмерці вучня ў школе не зьявілася.
Экспэрты: «Сардэчная анамалія абвастрылася «у спалучэньні зь фізычнай нагрузкай»
Трое не зьвязаных паміж сабой мэдыкаў на ўмовах ананімнасьці паведамілі Свабодзе, што WPW-сындром лечыцца або яго праявы блякуюцца мэдыкамэнтозна. Разам з тым яны адзначылі, што першы прыпадак гэтага сындрому можа быць апошнім для хворага, нават калі побач рэаніматоляг.
На думку экспэртаў, у выпадку зь Ягорам Бабашкам сардэчная анамалія абвастрылася «ў спалучэньні зь фізычнай нагрузкай». Яны настойваюць: каб выявіць усе абставіны сьмерці дзіцяці, неабходнае грунтоўнае дасьледаваньне і вывучэньне многіх «калямэдычных нюансаў».