Генэральнага дырэктара Віцебскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Кушарава звольнілі з пасады. Напярэдадні, 21 лютага, лекары хуткай дапамогі з прычыны галалёду не змаглі спусьціцца да мужчыны, які скочыў з моста ў раку, але выжыў.
Аб тым, што Кушараў у Віцебскай гарадзкой ЖКГ больш не працуе, Свабодзе сказалі ў прыёмнай генэральнага дырэктара. Калі і чаму гендырэктара звольнілі, камэнтаваць адмовіліся.
Што адбылося?
21 лютага з Кіраўскага мосту ў Віцебску скокнуў 37-гадовы Рыгор З. Зь мелкаводзьдзя яго дасталі супрацоўнікі міліцыі і перадалі лекарам хуткай дапамогі, піша тэлеграм-канал «Витебск на ладони».
Мужчына знаходзіцца ў рэанімацыі Віцебскай абласной бальніцы, пацьвердзілі Свабодзе некалькі крыніц.
Лекары не маглі спусьціцца праз галалёд
Як сказаў Свабодзе відавочца здарэньня Яўген Крыскевіч, супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыехалі на месца здарэньня не маглі спусьціцца да мужчыны па абледзянелай лесьвіцы ля Кіраўскага мосту. У выніку — паехалі шукаць, як падʼехаць да мужчыны праз Пушкінскі мост.
Паводле Крыскевіча, дворнікі прыбіралі галалёд праз суткі пасьля здарэньня.
Працуе мэханікам, мае сямʼю і дзяцей
37-гадовы Рыгор З. працуе галоўным мэханікам Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага абʼяднаньня (ВВЛГА). Мае жонку і двух дзяцей.
Дырэктар Віцебскага ВЛГА Сяргей Даніловіч кажа, што Рыгор З. працуе на прадпрыемстве з 2012 году, ніякіх праблем на працы ў яго не было, як і падставаў для самагубства.
«Ён добры супрацоўнік, чакаю, што ён паправіцца і вернецца на працу».
Віцебчук Кірыл сказаў Свабодзе, што бачыў мужчыну, падобнага да Рыгора, за дзень да здарэньня ля суседняга мосту Блахіна. Нібыта ён каля гадзіны стаяў ля парэнчаў мосту і глядзеў уніз.
«Я шоў у адзін бок, ён стаяў. Пасьля праз хвілін 40 вяртаўся, ён стаяў там жа, глядзеў уніз», — сказаў Кірыл.
Калегі: «Ягонага ўчынку зразумець ня можам»
Работнікі ВВЛГА ўстрымліваюцца ад камэнтароў учынку свайго калегі.
Паводле ананімнага прызнаньня Свабодзе адной з супрацоўніц, «камэнтаваць нешта журналістам ня раіць наша начальства». Яна адзначыла, што на пасадзе галоўнага мэханіка Захарэўскі працуе ўжо трэці год і што пра канфлікты на працы ёй невядома. Рыгора Захарэўскага лічыць добрым работнікам, прынцыповым чалавекам і падкрэсьлівае, што ён вельмі любіць сваю сям’ю.
«Ягонага ўчынку мы зразумець ня можам», — сказала жанчына.