Наведаць менскі кніжны кірмаш у суботу 9 лютага варта ўжо хаця б дзеля аднае кніжкі, якая будзе прэзэнтавацца а 16-й гадзіне на польскім стэндзе. Гаворка ідзе пра заключную частку «Менскае трылёгіі» Сяргея Пясецкага «Ніхто дабром ня дасьць збаўленьня». Пераклад з польскае зрабіў Віктар Шукеловіч, а пабачыла сьвет кніга ў выдавецтве «Логвінаў».
Да таго ж на імпрэзе чакаецца ўнучка знакамітага аўтара Ева Тамашэвіч, якая выдала некалькі кніг пра свайго дзеда.
А яшчэ музыка Лявон Вольскі распавядзе, як ствараўся «Народны альбом» у кантэксьце твораў Пясецкага пра кантрабандыстаў, выведнікаў, зладзеяў ды ўсякіх іншых насельнікаў беларуска-польскага памежжа першай паловы дваццатага стагодзьдзя.
Падзеі ў апошняй кнізе «Менскай трылёгіі» адбываюцца ў сталіцы Беларусі ад 10 студзеня да 8 жніўня 1919 году, калі горад пакінулі нямецкія войскі ды прыйшлі бальшавікі. Як яны валадарылі ў Менску да свайго сыходу пад націскам польскага войска, што рабілі зь мясцовым насельніцтвам, якое беззаконьне ўсталявалі, аўтар паказвае на лёсе галоўных герояў.
«Калі б існавала адпаведная статыстыка і можна было параўнаць колькасьць злачынстваў у Менску ў красавіку 1918 году, калі ў горадзе гаспадарылі немцы, і лічбу злачынстваў у красавіку 1919 году пад уладай бальшавікоў, то іх суадносіны былі б на ўзроўні 1:100. Я ўпэўнены ў гэтым. Бо некалі кралі пераважна прафэсійныя зладзеі і крыху дылетанты, а цяпер прысвойвалі чужое і рабавалі бальшавіцкія жаўнеры, афіцэры, чыноўнікі, тайныя агенты, міліцыянты».
Сваіх герояў аўтар апісвае вельмі калярытна, псыхалягічна пераканаўча. Карцінкі гораду намаляваныя відавочцам, падзеі паўстаюць з аповедаў сузіральніка. Сцэны густа населеныя і насычаныя, аўтар ашчаджае час чытача, не расплываецца ў шматслоўі. Амаль трыста старонак раману прачытваюцца запоем.
Бурны, пераменлівы час нарадзіў сваіх калярытных пэрсанажаў. Дробныя гандляры, рамесьнікі, рознага кшталту авантурысты, зладзеі... Гэтыя апошнія паказаныя ў рамане жывым дакорам бальшавіцкаму ладу.
«...Дурань, недарэка і баязьлівец можа стаць міністрам, артыстам, правадыром, палітыкам, пісьменьнікам, настаўнікам, сьвятаром, але толькі знаходлівы, разумны і адважны чалавек можа быць прафэсійным злодзеем».
Гэта ўрывак з раману «Туман», які пісаў пэрсанаж пад мянушкай Грамадзянін. Тое, што ён не пасьпеў скончыць свой твор да гібелі ад бальшавіцкае кулі, — адзінае, пра што ён шкадуе. Гінуць і ўсе астатнія, хто не пасьпеў уцячы. У балоце Камароўкі, дзе стралялі вязьняў, гіне непаўторная аўра Менску, настальгію па якой аўтар апісаў у лёсе аднаго з галоўных герояў Аліка Барана.
«Гэтак загінуў Баран, і памяць пра яго прамінула. Ацалелі толькі мёртвыя акты ў шматлікіх судах і турмах. І засталася бясконцая туга па ім у верным сэрцы сабакі па клічцы Мілы...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Пясецкі, «Наш выбітны ліхадзей» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Сяргей Пясецкі ня стаў беларускім пісьменьнікам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Пясэцкі: «Зладзеі, якіх я апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Эўропы...» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумнае вока зямлі: горад як тэкст