Нелегальны канал пастаўкі санкцыйнай садавіны і гародніны ў Расею спынілі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС Беларусі, паведамляе прэс-служба ведамства.
Паводле МУС, нелегальнымі пастаўкамі прадуктаў з Турэччыны і Эўразьвязу група з больш як дзесяці жыхароў Менску, Оршы і грамадзян Расеі займалася са сьнежня 2016-га па красавік 2018 году.
Садавіна і гародніна, якую прывозілі ў Беларусь, праходзіла афіцыйнае мытнае афармленьне. Пасьля, паводле афіцыйных дакумэнтаў, гародніну і садавіну нібыта прадавалі ў Беларусі, але насамрэч прадукцыю па падробленых дакумэнтах вывозілі ў Расею.
У якасьці «адстойніка» вялікагрузных аўтамабіляў зь нелегальным таварам выкарыстоўвалі пляцоўку ля казіно, якое належыць чальцам групы, у Дубровенскім раёне на беларуска-расейскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі за 2 гады ўтылізавалі 17 тысяч тон харчоў, увезеных пераважна празь БеларусьСьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу паводле артыкулу «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць у складзе арганізаванай групы» (ч. 3 ст. 233 КК, караецца штрафам або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без).
Арыштаваная маёмасьць фігурантаў на мільён даляраў, а таксама банкаўскія рахункі падкантрольнай ім кампаніі. Траіх з падазраваных затрымалі, яны знаходзяцца пад вартай.
На мінулым тыдні пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заявіў, што праз санкцыйныя харчы, якія трапляюць у Расею з трэціх краінаў пад выглядам прадукцыі зь Беларусі, краіна страчвае сотні мільёнаў даляраў. Ён адзначыў, што ў канцы 2018 году запрацавала сыстэма адсочваньня прадуктаў «Мэркурый», і зь 1 студзеня 2019 году ўся прадукцыя, якая паступае зь Беларусі, будзе адсочвацца.