Былы галоўны ўрач Горадзенскага клінічнага абласнога шпіталя Сьвятаслаў Савіцкі атрымаў 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці за незаконнае налічэньне прэмій супрацоўнікам. Прысуд абвясьцілі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 23 студзеня. Ён яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
Паводле абвінавачваньня, Сьвятаслаў Савіцкі налічыў каля 423 мільёнаў недэнамінаваных рублёў незаконных прэмій.
Былога кіраўніка шпіталя абвінавачвалі таксама ў тым, што ён схаваў сьляды выбуху ў шпіталі, ад якога памерлі два сьлесары-сантэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памром у турме». Сем фактаў пра справу былога кіраўніка абласнога шпіталя ГорадніТады ён адразу не паведаміў пра здарэньне свайму начальству і ў адказныя органы, загадаў вынесьці з памяшканьня, дзе ішоў рамонт, балён з газам ды іншае абсталяваньне, якое стала прычынай выбуху. Адказваць за гэта Савіцкі ня будзе, бо мінуў пяцігадовы тэрмін даўнасьці.
Суд Ленінскага раёну Горадні
Справу расьсьледавалі каля пяці гадоў. Газ на тэрыторыі шпіталя выбухнуў у ліпені 2013 году. Справу завялі ў студзені 2014 году, да суду яна дайшла ў верасьні 2018-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні судзяць экс-кіраўніка абласнога шпіталя за злоўжываньні 5-гадовай даўнасьціСьвятаславу Савіцкаму 56 гадоў. На пасадзе галоўнага ўрача Горадзенскага абласнога шпіталя працаваў з 2002 году. Зь лютага 2014 году выкладаў у Горадзенскім мэдыцынскім унівэрсытэце на катэдры ўнутраных хваробаў. Паходзіць з Ваўкавыскага раёну. Жанаты, мае дарослых дзяцей.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны Менск як прыкмета загніваньня сыстэмы