Шэсьць прарасейскіх арганізацыяў Беларусі апублікавалі 12 студзеня заяву з патрабаваньнем ліквідацыі партыі БНФ. На сайце Беларускага народнага фронту зьявіўся адказ на гэты зварот — пад загалоўкам «Атака зомбі».
Зварот падпісаны чатырма грамадзкімі аб’яднаньнямі, адной прыватнай установай і адным каардынацыйным саветам левых партый. У ліку падпісантаў экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і адзін зь нядаўніх кіраўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі Валеры Драко, які арганізоўваў у Менску шэсьце «Несьмяротнага палка» і заклікаў далучыць да «саюзнай дзяржавы» непрызнаныя «ДНР» і «ЛНР» на менскай вечарыне памяці забітага лідэра «ДНР» Захарчанкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская «пятая калёна» на вуліцах МенскуУ звароце сьцьвярджаецца, што «аб’яднаньне Беларусі і Расеі адлюстроўвае волю нашых народаў», а Партыя БНФ тым часам заяўляе «недарэчныя сьцьверджаньні пра нейкую беларускую царкву і абражае пачуцьці расейскамоўнай большасьці беларускага грамадзтва». Партыю БНФ яны называюць «праварадыкальнай русафобскай празаходняй апазыцыяй», «ідэйнымі нашчадкамі паліцыяў», «якія ня маюць права навязваць свой пункт гледжаньня ні дзяржаве, ні грамадзтву».
У сувязі з гэтым падпісанты ліста заклікаюць Генэральную пракуратуру даць прававую ацэнку заяве партыі «Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы» і агулам дзейнасьці партыі, лічаць неабходным ініцыяваць працэс ліквідацыі партыі, «улічваючы наяўнасьць прыкметаў крымінальных злачынстваў» (яны бачаць «распальваньне варожасьці» — арт. 130 КК РБ — «і іншыя»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі сэнатар западозрыў БНФ у спробе «адарваць Беларусь ад Расеі»Партыя БНФ у сваю чаргу зьвяртае ўвагу, што «некаторыя прадстаўнікі арганізацыяў-падпісантаў гэтага даносу ў мінулым годзе былі самі асуджаныя да пакараньня за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці».
«Натуральна, беларуская пракуратура ведае, хто тут насамрэч ёсьць экстрэмістам і хто працуе супраць беларускага народу і беларускіх інтарэсаў, — піша старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, згадваючы, што з даносамі «так было ў савецкія часы, так здараецца ў часы выбарчых кампаніяў». — Паказальна, што гэтыя мікраскапічныя арганізацыі спрытна выскачылі як па камандзе — адазу ж калі ў расейскіх СМІ пачалася гістэрыка наконт прыкрыцьця каналаў вядзеньня інфармацыйнай вайны супраць Беларусі, наконт „казака ў менскім мэтро“.
Мы, Партыя БНФ, успрымаем гэты данос як самавыкрыцьцё добраахвотных памагатых ворага ў інфармацыйнай вайне, якая вядзецца цяпер супраць Беларусі — гэта такія сабе своеасаблівыя „дывэрсанты інфармацыйнай вайны“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НТВ: у Беларусі падымаюць галовы русафобы, а гэта ж Расея дала беларусам дзяржавуКастусёў сьцьвярджае: пазыцыя гэтых структураў, якія падпісалі зварот, вядомая: «для прарасейкіх экстрэмістаў любога гатунку і любой ідэалягічнай афарбоўкі сама наяўнасьць незалежнай беларускай дзяржавы ёсьць непрымальная — яны хацелі б ліквідаваць не БНФ, а ўвогуле беларускую дзяржаву, беларускую мову і ў прынцыпе былі б радыя, калі б беларускі народ увогуле зьнікнуў».