Француская актрыса Брыжыт Бардо апублікавала на сайце свайго фонду адкрыты ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку. Копію ліста яна таксама даслала ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі. У дакумэнце гаворыцца аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі і аб патрэбе прыняць закон, накіраваны на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі.
У лісьце Бардо піша:
«Жывёлы, асабліва вулічныя, пакутуюць і паміраюць у Беларусі такім жорсткім чынам, што раздаецца ўсё больш і больш абураных галасоў і дасылаецца зваротаў ў мой фонд. Жывёл ловяць, вабячы атручанымі прынадамі, страляюць у іх са стрэльбаў, часам у прысутнасьці дзяцей, няшчадна паддаюць ірацыянальнаму і бесчалавечнаму дыктату скарумпаваных урадоўцаў і службаў. Вобраз вашай краіны моцна пагоршыўся, і толькі радыкальная і неадкладная зьмена зможа выправіць гэта».
Брыжыт Бардо просіць беларускага кіраўніка, каб грошы, выдаткаваныя на вынішчэньне бяздомных жывёл, накіравалі на іх стэрылізацыю і прытулкі: «Я гатовая накіраваць у Менск прадстаўніка фонду, які дапаможа ўбачыць і вырашыць без пакутаў праблему залішняга росту сабачай і кашэчай папуляцыі. Я захоплена вашымі традыцыямі і фальклорам! Будзьце мужным, не расчаруйце мяне!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб у Сьвятланы Алексіевіч быў сабачка з прытулку, гэта б добра падзейнічала»Брыжыт Бардо — адна з самых знакамітых францускіх акторак. Яна абвясьціла аб заканчэньні акторскай кар’еры ў 1973 годзе і з тых часоў займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Яе фонд па ахове жывёл быў заснаваны ў 1987 годзе.