5 самых важных пытаньняў зь Першага рэгіянальнага праваабарончага форуму

Першы рэгіянальны праваабарончы форум прайшоў у Воршы. Прысутнічалі на ім як мясцовыя прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, так і валянтэры, зацікаўленыя ў вырашэньні пэўных пытаньняў, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека. Свабода выбрала пяць самых важных пытаньняў і адказаў на іх.

1. Выбары «бяз выбару»

Адзін з арганізатараў форуму, кіраўнік аршанскага рэгіянальнага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак заўважыў, што калі склад уладных органаў не мяняецца, то «ўлады пачынаюць нахабнічаць».

Ігар Казьмярчак

«Яны вельмі хутка ўсьведамляюць, што ад вынікаў галасаваньня выбарнікаў нічога не залежыць, і таму ня хочуць для іх старацца. Менавіта адсюль ідзе большасьць праблемаў, зьвязаных з парушэньнем правоў», — сказаў ён.

Спадар Казьмярчак нагадаў пра беспрэцэдэнтны выпадак падчас мінулай выбарчай кампаніі, калі на выбарчым участку ў сярэдняй школе № 5 дырэктарка, яна ж і старшыня камісіі, практычна захапіла ў закладнікі групу назіральнікаў. Тыя паскардзіліся, што з вызначанага месца ня бачаць падліку галасоў, і старшыня камісіі Натальля Вайцаховіч заявіла, што назіральнікі не пакінуць участку, пакуль яна ня дасьць ім пісьмовага адказу або пакуль яны не папросяць у яе прабачэньня. Назіральнікі ня выбачыліся і скаргу не адклікалі, і ў выніку былі вымушаны сядзець у зачыненым памяшканьні. Давялося выклікаць міліцыю, якая вызваліла «закладнікаў» глыбокай ноччу.

Людзі былі абураныя, але ніхто зь іх не падаў заявы ў суд, каб спадарыню Вайцаховіч пакаралі за незаконныя дзеяньні. Праваабаронцы вырашылі нагадаць удзельнікам падзеяў пра канфліктную сытуацыю і прапанаваць дапамогу.

2. Мірныя сходы і іншыя масавыя акцыі

Выступае Васіль Берасьнеў

Ворша застаецца адным з тых гарадоў, дзе мясцовыя ўлады прынялі рашэньне, якое парушае права жыхароў на масавыя акцыі. Заяўнікі акцый мусяць заключыць папярэднія дамовы «на абслугоўваньне мерапрыемстваў» з ЖКГ, мэдыкамі і райаддзелам міліцыі. Але названыя структуры не пагаджаюцца заключаць дамовы ні на якіх умовах, нават калі праз гэта даводзіцца судзіцца. Таму ў аршанскім рэгіёне ўжо 10 гадоў як не было дазволеных уладамі акцый.

Спробы скарыстацца сваім правам на мірныя сходы, не пытаючыся дазволу, жорстка караюцца, падкрэсьліў прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Васіль Берасьнеў.

«Пасьля так званага „маршу недармаедаў“ у сакавіку мінулага году адразу некалькі актывістаў былі асуджаныя і правялі да 15 сутак у мясцовым ІЧУ. Мясцовыя ўлады былі ня проста незадаволеныя — яны спалохаліся, бо сход у цэнтры гораду атрымаўся вельмі масавы. Пазьней Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый назвала „маршы недармаедаў“, якія прайшлі Воршы, Слоніме і Гомлі, пераможцамі ў намінацыі „Рэгіянальная падзея году“. І мы ўручылі копіі атрыманага дыплёму ўсім ахвотным удзельнікам леташніх падзей», — нагадаў спадар Берасьнеў.

Праваабаронцы рэгіёну пагадзіліся зь ім, што варта працягваць патрабаваць адмены рашэньня мясцовага выканкаму, якое абмяжоўвае правы аршанцаў на мірныя сходы.

3. Парушэньні правоў журналістаў

Момант дыскусіі

Леташні «марш недармаедаў» у Воршы запомніўся і шматлікімі затрыманьнямі журналістаў. У тым ліку на суткі былі затрыманыя, а потым аштрафаваныя журналістка Свабоды Галіна Абакунчык, журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава ды іншыя прадстаўнікі незалежных СМІ.

Сёлета за сюжэт «За што ў Воршы так ня любяць Лукашэнку», паказаны «Белсатам», былі аштрафаваныя віцебскія незалежныя журналісты Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў. Гэты сюжэт тычыўся і леташняга «Маршу недармаедаў», і цяперашняй сытуацыяй на рынку працы, дадаў Васіль Берасьнеў.

«Праваабаронцы мусяць актыўна выступіць у абарону незалежных журналістаў, якія ўздымаюць вострыя грамадзкія праблемы. Тым больш што сытуацыя зь беспрацоўем на Аршаншчыне па-ранейшаму крытычная, узровень беспрацоўя складае каля 15%, хоць афіцыйная лічба куды меншая», — паведаміў праваабаронца.

4. Беларуская мова і агульная сытуацыя з культурным жыцьцём

Юры Нагорны (у цэнтры)

Старшыня мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы Юры Нагорны прынёс на імпрэзу праваабаронцаў мясцовую «раёнку» — «Аршанскую газэту». Ён прадэманстраваў, што беларускамоўных матэрыялаў у ёй, апрача назвы, усяго каля 10%.

«Дык ці ёсьць у нас рэальнае дзьвюхмоўе, пра якое ўвесь час гавораць чыноўнікі? Няма! Гэта відаць і па імпрэзах, якія праводзіць аддзел культуры: яны вядуцца па-расейску. Нават тыя, што прысьвечаны нашаму славутаму земляку Ўладзімеру Караткевічу! У Воршы няма клясаў зь беларускай мовай навучаньня, няма нацыянальнага выхаваньня», — абураўся спадар Нагорны.

Прысутныя прыгадалі і нядаўні канфлікт вакол канцэрта Сержука Доўгашава, які хацеў у роднай Воршы прэзэнтаваць праграму новых песень. Прэзэнтацыю забараніла загадчыца аддзелу культуры Ганна Сьвятлова. Яна і раней не дазваляла праводзіць у горадзе імпрэзы з удзелам беларускамоўнай інтэлігенцыі.

Удзельнікі форуму пагадзіліся, што кожны падобны выпадак павінны быць зафіксаваным, а несправядлівае рашэньне — па магчымасьці абскарджаным. Пачаць жа «беларусізацыю Воршы» можна хаця б з малога: настойваць на тым, каб абвесткі ў грамадзкім транспарце нарэшце загучалі па-беларуску.

5. Перасьлед і абарона сваіх правоў

Пасьля апошняй маштабнай грамадзка-культурнай падзеі — сьвяткаваньня Дня Волі — ізноў праявілася неабходнасьць у прававой асьвеце, каб пазьбегнуць незаконнага міліцэйскага перасьледу. Гэтую думку агучыла прадстаўніца АГП Валянціна Ігнаценка.

Валянціна Ігнаценка

«Днямі адбыўся суд над затрыманай 25 сакавіка жыхаркай Дуброўна Натальляй Стрэльчанкай, якую абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Асудзілі Генадзя Шэпелева, які прыйшоў сфатаграфаваць бел-чырвона-белы сьцяг калі помніка Караткевічу. Аштрафавалі Яўгена Анішчанку, які так і ня змог даехаць у Менск на сьвята. Калі даведваесься падрабязнасьці гэтых інцыдэнтаў, робіцца відавочным, што неабходна прававая асьвета, каб чалавек не бянтэжыўся побач зь міліцыянтамі», — зазначыла яна.

Выступоўца зьвярнулася да праваабаронцаў з просьбай, каб наладзіць навучальны трэнінг для неабазнаных у галіне права грамадзянаў. Пажадана, каб удзельнікі трэнінгу даведаліся, я паводзіць сябе падчас затрыманьня і ў самім пастарунку, каб не даваць міліцыянтам падставаў для наступных абвінавачаньняў.

Праваабаронцы пагадзіліся наладзіць такое навучаньне. Што да іншых узьнятых пытаньняў, то яны падрыхтавалі зварот да мясцовых уладаў ад праваабарончай супольнасьці рэгіёну. У ім гаворыцца пра недапушчальнасьць парушэньняў правоў чалавека ў рэгіёне.