У Віцебскай 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе салдат тэрміновай службы «зрабіў парэз на руцэ». Інфармацыю пацьвердзіў Свабодзе прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў.
Інфармацыя аб тым, што салдат паспрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, зьявілася на партале TUT.BY.
Паводле вэрсіі Макарава, «парэз» салдат зрабіў па прыезьдзе ў вайсковую частку з мэтай узьдзейнічаць такім чынам на саслужыўцаў. Па дарозе ў вайсковую частку малады салдат цярпеў зьдзекі ад іншых прызыўнікоў. Некаторыя зь іх вучыліся з пацярпелым у адным ліцэі, яны характарызавалі яго як негаваркога і зь дзівацтвамі.
«Вядома, што гэты вайсковец тройчы меў прыводы ў міліцыю за ўжываньне сьпіртных напояў, хуліганства, спойваньне непаўналетніх», — кажа Макараў.
Салдату надалі неабходную мэдычную дапамогу. Па факце здарэньня камандаваньне часткі вядзе праверку.