Паводле рашэньня Натальлі Качанавай пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі створаная працоўная група экспэртаў у галіне права дзеля «выкарыстаньня навуковых мэтадаў пры падрыхтоўцы праектаў найважнейшых законаў і прагназаваньня іх наступстваў».
Працоўная група можа як распрацоўваць рэкамэндацыі для ўдасканаленьня заканадаўства, так і рабіць экспэртныя заключэньні наконт праектаў найважнейшых законаў. Яна падзеленая на чатыры падгрупы, якія можна ўмоўна назваць «канстытуцыйнай», «гаспадарчай», «гуманітарнай» і «сілавой».
У склад працоўнае групы ўвайшлі амаль паўсотні чалавек. Пераважна гэта супрацоўнікі дзяржаўных інстытутаў і ВНУ — прафэсары, дактары навук, кіраўнікі інстытутаў, дэканы факультэтаў, загадчыкі катэдраў і шараговыя выкладчыкі.
З тых, чыя асноўная праца не выкладчыцкая, — старшыня Міжнароднага арбітражнага суду пры Гандлёва-прамысловай палаце Ян Функ і судзьдзя Вярхоўнага суду Леаніда Бакіноўская ў «гаспадарчай групе», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у «гуманітарнай», намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Валер Гайдучонак, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Міхалькова і былы першы намесьнік дырэктара дзяржаўнага Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і праўных дасьледаваньняў Аляксандар Макарэвіч.
Падобна, што заключэньні працоўнай групы ня маюць ніякай юрыдычнай сілы. Група працуе «на грамадзкіх асновах». Яе заключэньні ня будуць падавацца наўпрост Лукашэнку, а будуць выкарыстоўвацца «пры падрыхтоўцы матэрыялаў для дакладу кіраўніку дзяржавы адпаведных праектаў заканадаўчых актаў».
Пастухоў: «Фармуюць групы паводле прынцыпу «хто будзе лепш служыць гэтай уладзе»
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду прафэсар Міхаіл Пастухоў кажа Свабодзе, што да ўдзелу працы гэтай групы трэба далучаць усіх зацікаўленых навукоўцаў і юрыстаў, а ня толькі тых, чые погляды супадаюць з уладнымі. Ён прапануе далучыць да групы незалежных юрыстаў, у тым ліку тых, хто супрацоўнічае з праваабарончымі арганізацыямі. У якасьці прыкладу ён называе юрыстаў Гары Паганяйлу, Алега Воўчака і Мечыслава Грыба.
«Мяркую, што нам прыйдзецца распрацоўваць альтэрнатыўныя праекты, калі нам стане вядома пра распрацоўкі гэтай групы, — разважае Пастухоў. — Лічу, што мы будзем з гэтай групай ісьці паралельным курсам. Калі стане вядома, што яны нешта ствараюць, я лічу, мы павінны прапанаваць грамадзтву альтэрнатыўны падыход.
Калі стане вядома, што яны нешта ствараюць, я лічу, мы павінны прапанаваць грамадзтву альтэрнатыўны падыход
Я бачу тут відавочную дыскрымінацыю незалежных юрыстаў. Чаму нас адлучаюць ад гэтай дзяржаўнай працы? Я хацеў бы давесьці да тых, хто гэтым займаецца, што трэба ўлічваць досьвед і веды ўсіх юрыстаў, якія ёсьць грамадзянамі гэтай краіны. Мы сапраўдныя грамадзяне і ніхто ня мае права адлучаць нас ад удзелу ў дзяржаўным будаўніцтве!»
Тое, што працоўная група будзе абмяркоўваць ужо абмеркаваныя дэпутатамі законапраекты, Пастухоў лічыць нармальнай зьявай: пакуль закон не прыняты, на стадыі распрацоўкі яго можна абмяркоўваць. Але ў сьвеце працэс законатворчасьці часьцей за ўсё не такі, як у Беларусі:
«Практыка звычайна такая. Нехта прапануе прыняць нейкі закон, часта гэта самыя дэпутаты. Калі ініцыятыва знаходзіць падтрымку, ствараецца працоўная група, у якую залічваюцца самыя вядомыя і аўтарытэтныя спэцыялісты — юрысты, эканамісты, фінансісты... Лічыцца, што ў распрацоўцы законапраекту павінны ўзяць удзел якраз самыя аўтарытэтныя, незалежныя і дасьведчаныя спэцыялісты.
У нас жа фармуюць групы паводле прынцыпу „хто будзе лепш служыць гэтай уладзе“. Я лічу гэта формай дыскрымінацыі і парушэньнем прынцыпу роўнасьці грамадзянаў. Гэта паганая практыка, якую трэба як мага хутчэй скасаваць».