Улады дазволілі шэсьце і мітынг на 25 Сакавіка ў Берасьці

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Берасьці, 25 сакавіка 2015 году

Пра гэта паведаміў старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ і адзіны заяўнік акцыі Зьміцер Шыманскі.

Збор удзельнікаў прызначаны на 12.00 на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Шэсьце пройдзе праспэктам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Заканчэньне акцыі а 15.00.

У склад камітэту сьвяткаваньня 25 Сакавіка ўваходзяць прадстаўнікі абласных структур партыяў БНФ, БСДП, АГП, руху «За свабоду», незалежных прафсаюзаў, шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і ўстановаў.

«Мы хочам годна адзначыць 99-годзьдзе абвяшчэньня нашай незалежнасьці. На акцыі мы будзем патрабаваць неадкладнага вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў і поўнай адмены дэкрэту № 3. Мы маем намер абмеркаваць такую праблему, як прыняцьце рашэньняў на мясцовым узроўні. На наш погляд, большасьць мясцовых рашэньняў прымаецца без уліку меркаваньняў грамадзян. Мы таксама лічым, што грамадзтва пазбаўлена сёньня магчымасьці зьмяніць уладу праз выбары, бо выбары ў нас праходзяць непразрыста, альтэрнатыўныя кандыдаты ня маюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Вырашэньня гэтых праблемаў мы будзем патрабаваць ад улады», — сказаў Зьміцер Шыманскі.

***

Улады забаранілі дэмакратычным актывістам ладзіць вулічную акцыю 25 Сакавіка ў Віцебску.

Да гэтага часу не атрыманы адказ на заяўку аб правядзеньні шэсьця 25 Сакавіка ў Менску. Хоць паводле закону ўлады павінны агучыць сваё рашэньне не пазьней, чым за 5 дзён.