Ці вядуць сёлетнія пратэсты ў сьнежань 2010 году?

Ці вядуць сёлетнія пратэсты ў сьнежань 2010 году? Ці бывае кроў бессэнсоўная? За што адказваюць лідэры? Ці працягнецца палітычная лібэралізацыя альбо варта чакаць палітычных «замаразкаў»? Якой будзе рэакцыя на рашэньне беларускіх уладаў Расеі і Захаду?

Па гэтых ды іншых пытаньнях у Праскім акцэнце спрачаюцца пісьменьнік Міхаіл Валодзін і журналіст Дзьмітры Галко. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Гапоны ці героі?

Дракахруст: Пісьменьнік Міхаіл Валодзін напісаў у ФБ пост пра адказнасьць лідэраў пратэсту за яго наступствы. Ён піша: «Не, ніякай адлігі. Вы яе самі прыдумалі. Як прыдумалі яе у 2010 годзе. ...Шкада хлопцаў і дзяўчат. А вінаватыя тыя, хто прыдумаў адлігу, хто пераканаў у гэтым сябе і іншых. Мне чуецца змрочнае слова „гапоншчына“, але, здаецца, толькі мне. Сапраўдная апазыцыя можа ня толькі ўзначаліць калёну, але і спыніць яе, калі ведае, што справа скончыцца бессэнсоўнай крывёю. Ня вядзіцеся» — піша Міхаіл.

Дзьмітры, а вы вось ведзяцеся. А чаму? Не шкада бессэнсоўнай крыві?

Галко: Міхаіл параўноўвае зь 19 сьнежня 2010 году, але сытуацыя вельмі адрозная. Па-першае, 25 сакавіка гэта ніякі ня час «ікс», гэта ня «ўсё альбо нічога» за адзін дзень, за адзін вечар. Гэта частка пратэстнай кампаніі, не канец і нават ня пік, адказнасьці ніхто ніякай не нясе безумоўна.

Адказнасьці за гэты пратэст няма, і нават разгром па лякалах 2010 году ня будзе мець ніякага значэньня, нават калі ён адбудзецца. Але я ня вельмі веру, што будзе нейкая кроў, што будзе разгром, але нават калі яны і будуць, то гэта нічога ня зьменіць, бо гэта зусім іншы пратэст, гэта пратэст такі безгаловы, прабачце за жарт такі. Але гэты пратэст бязь лідэраў будзе працягвацца ў любым выпадку.

А што тычыцца аналёгіі з «гапоншчынай», то Ленін, як вядома, хваліў Гапона за тое, што той справакаваў рэвалюцыю. Таму тут такая палка аб двух канцах, то бок «гапоншчына» — гэта што? Гэта выхад да цара са сваімі крыўдамі, са сваімі бедамі і расстрэл, які стаў трыгерам рэвалюцыі, якая праз пэўны час прывяла да зьяўленьня парлямэнту.

Дзьмітры Галко

Валодзін: Я ня згодны з такім вызначэньнем Гапона. Па-першае, Гапон быў найбуйнейшы лідэр працоўнага руху. Палкоўнік ахранкі Зубатаў арганізоўваў легальныя прафзьвязы, легальныя зьвязы працоўных і першую працоўную партыю тут у Менску. Пасьля таго, як у 1903 годзе Зубатаў быў зьняты, Гапон заняў фактычна яго месца і адмовіўся ад супрацоўніцтва з паліцыяй.

Гэта не было арганізаванай акцыяй, калі ён павёў рабочых пад кулі 9 студзеня 1905 году. Тое, што казаў Ленін наконт гэтага, мяне сёньня абсалютна не цікавіць, і я думаю, што Дзьмітрыя Галко насамрэч таксама. Лідэр можа не ведаць, на што ён вядзе, але ён абавязаны вылічваць і часам прыпыняцца. Ён абавязаны паглядзець ня толькі наперад, але і назад, і, на мой погляд, тое, што цяпер адбываецца, гэта сапраўды ў большай ступені нерэгуляваны рух, лідэры апазыцыі бягуць за ім, сьпяшаюцца, каб сесьці на суткі, каб пасьпець сесьці, каб далучыцца да гэтага руху.

На мой погляд, калі ўлада саступіла ў Курапатах, калі ўлада зрабіла крок назад з дэкрэтам, трэба было сказаць — давайце пачакаем тыдзень-два. Мы баімся зьбіць гэты бунт, а тое, што хлопчыкаў б’юць дубінкамі — гэтага мы не баімся?

Міхаіл Валодзін

Дракахруст: Ваш камэнтар наконт тэзы, якая прагучала ў Дзьмітрыя — адказнасьці ніхто не нясе?

Валодзін: Для мяне гэта парадаксальная фраза. Я павінен вярнуцца ў 2010 год. Там былі дзьве рэчы, пасьля якіх для мяне сёньняшнія лідэры апазыцыі практычна перасталі існаваць як людзі.

Яны ня просяць прабачэньня, што яны не змаглі дамовіцца.

Першае: калі дзесяць чалавек на падмурку свайго самалюбаваньня, на падмурку няздольнасьці дамовіцца адзін з адным выходзяць супраць аднаго, больш падрыхтаванага ва ўсіх сэнсах кандыдата — вось што яны паказваюць людзям? Яны ня просяць прабачэньня пасьля гэтага за тое, што яны не змаглі дамовіцца.

Другое, яшчэ важнейшае — яны прывялі на Плошчу людзей і мяне ў тым ліку. Я слухаў людзей, якія гаварылі з помніка Леніну, куды яны залезьлі, пакуль там недзе правакатары білі шкло — што хацелі сказаць гэтыя людзі, якая праграма ў іх была? Самае галоўнае тое, што ніводзін зь іх пасьля таго, як пасадзілі, зьбілі людзей, як зламалі на 7 гадоў краіну, ніводзін з іх не выступіў і не сказаў — «я пэрсанальна вінаваты, я пайшоў туды разам з вамі, я павёў вас, я ня ведаў, што рабіць, прабачыце мяне, калі ласка».

Галко: Па тэлебачаньні прабачаліся, многія пад ціскам казалі «Я
вінаваты».

Валодзін: Гэта праўда, але я кажу не пра гэта, а пра тое, што яны рэальна вінаватыя. Не перад Лукашэнкам яны вінаватыя, яны вінаватыя перад людзьмі і перад мной пэрсанальна, які стаяў там і слухаў гэтую лухту.

Галко: Я зь Міхаілам тут бы не спрачаўся, згодны, так усе і ёсьць. Але што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, сёньняшніх пратэстаў, то я ўпэўнены, што на гэтай хвалі зьявяцца і новыя лідэры, калі не палітычныя, дык грамадзянскія.

Яны ўжо зьяўляюцца, скажам, Максім Філіповіч — адзін з новых народных лідэраў. І калі Наста Дашкевіч пытае ў Фэйсбуку, «ці гатовыя вы выйсьці на акцыю супраць міліцэйскага гвалту?», вялізная колькасьць людзей гатовыя. Вакол гэтай кропкі можа нешта сфармавацца, можа сфармавацца нейкая група ці нейкі рух, пэтыцыя нават зьявілася ў інтэрнэце супраць міліцэйскага гвалту, могуць вакол іншых кропак потым згуртавацца людзі.

Я ўспрымаю 25 сакавіка не як «гадзіну Х», не як «ідзем валіць Луку», а як працэс грамадзянскага супраціву.

Я ўспрымаю 25 сакавіка не як «гадзіну Х», не як «ідзем валіць Луку», а як працэс грамадзянскага супраціву. Я ня думаю, што нехта нас вядзе ў нейкую пастку. Калі нехта так думае, то не ідзіце, ідзіце ў нейкае іншае месца ці сядзіце дома, рыхтуйце свой плян. Я ня бачу прычыны для боязі ці страху, каб падымаць паніку — ну з чаго?

Ці «безгаловы» цяперашні пратэст?

Дракахруст: Дзьмітры, пытаньне наконт вашай тэзы — «пратэст безгаловы». Мы з вамі бачым, як складаецца, як зьяўляецца ў інтэрнет-прасторы каляндар, дзе сказана, што 12 сакавіка чарговая акцыя адбудзецца ў Рагачове, а чаму, умоўна кажучы, не 11 сакавіка ў Наваполацку? Хто гэта вырашае? Мы з вамі ведаем, хто гэта вырашае, прынамсі, ня толькі людзі ў Рагачове ці ў Наваполацку вырашаюць, гэта вырашаюць у партыйных, палітычных штабах, гэта вырашаюць людзі, якія называюцца лідэрамі ва ўсім сьвеце, тыя, хто вызначае парадак дня. І пасьля гэтага вы кажаце, што пратэст «безгаловы».

Юры Дракахруст

Галко: Ён «безгаловы» ў тым сэнсе, што няма нейкага гатовага пляну, няма нейкай гатовай структуры, якая ўласна вядзе людзей і ведае дакладна, да якой мэты, яна іх вядзе, ведае, як будуць разгортвацца падзеі заўтра, пасьлязаўтра, на наступным тыдні і гэтак далей. У гэтым сэнсе — а так, безумоўна, ёсьць каардынацыя, ёсьць пэўныя лідэры, але гэта ж не дзядуля Ленін плянуе і кіруе. У гэтым сэнсе пратэст «безгаловы».

Валодзін: Менавіта ў гэтым сэнсе для мяне існуе паралель паміж сьнежнем 2010 года і сакавіком 2017. Тады гэта таксама было народнае волевыяўленьне, гнеў супраць няправільных, на думку многіх людзей, выбараў і людзі выйшлі на вуліцу, выйшлі на Плошчу. Так, ён быў таксама неарганізаваным, той пратэст, але арганізавалі яго ў тым сэнсе, што павялі, сказалі пайсьці на плошчу Незалежнасьці. І таксама ніякай праграмы не было.

На мой погляд, людзі павінныя мець сумленьне і проста сказаць — усё, хопіць, у мяне за чвэрць стагодзьдзя нічога не атрымалася, я больш ня еду ў Маладэчна, я не сядаю больш у турму.

Дракахруст: Можа быць людзі інакш глядзяць на гэтую сытуацыю? Вось пачаліся даволі спантанныя пратэсты, асабліва першыя, і наверсе тыя ж самыя людзі, Вы думаеце, што гэта выпадкова? Вы кажаце — нехта паехаў у Маладэчна і ён цалкам сябе дыскрэдытаваў. А вось высьвятляецца, што калі нехта і можа ўзначаліць пратэст, то толькі гэтыя людзі.

Валодзін: Справа у тым, што ў кожнага з нас ёсьць нейкая праца, нейкая пасада, яна можа быць грамадзкая, яна можа быць валянтэрская, яна можа быць за заробак. Людзі сядзяць на пасадах па 25 гадоў, я не хачу разьбірацца, валянтэрства гэта ці за заробак, яны сядзяць на гэтых пасадах і на пэнсію іх ніхто не адправіў і па характары беларусаў і не адправяць — ну і што? Ёсьць інэрцыя.

Ці бывае кроў бессэнсоўная?

Дракахруст: Міхаіл, у мяне яшчэ пытаньне да вашага вызначэньня, якое ў вашым посьце прысутнічала — бессэнсоўная кроў. А ці можна калі-небудзь загадзя сказаць, кроў будзе бессэнсоўная ці асэнсаваная. Мы ведаем у сьвеце шмат пратэстаў, і рэвалюцыі здараюцца. І ня толькі той жа Майдан, на нашых вачах прайшла «арабская вясна», калі на плошчу Тахрыр у Каіры выходзілі людзі, там 800 чалавек загінула за тыдзень рэвалюцыі. І тая кроў была асэнсаваная ці бессэнсоўная? Калі гэтыя людзі гінулі, можна было сказаць, што гэта кроў будзе сэнсоўная ці бессэнсоўная?

Валодзін: Калі мы кажам пра палітычныя акцыі, пра палітычную рэвалюцыю тым больш, ніхто ня можа гэтага сказаць. Мой пост быў абсалютна не пра гэта. Мне пішуць у камэнтарах з асуджэньнем, пішуць людзі сталага веку — мы можа быць дажывем спакойна, а вось моладзь — яна выходзіць на пратэст.

Як толькі мне кажуць, што гэта некіраваны працэс, што гэта зьнізу ідзе, а мы тут ні пры чым, то тады пры чым вы?

Я ні ў якім разе не асуджаю ні гэтых анархістаў, хлопцаў і дзяўчат, ні студэнтаў, якія выйшлі, ды шмат маладых твараў там было, я асуджаю толькі прафэсійных апазыцыянэраў. Як толькі мне кажуць, што гэта некіраваны працэс, што гэта зьнізу ідзе, а мы тут ні пры чым, то тады пры чым вы? Навошта вы патрэбныя наагул, калі вы ні пры чым, калі вы ня можаце сказаць: «Дзеці, асьцярожна, вось цяпер лезьці не трэба, а трэба будзе праз 2 тыдні».

Калі ўжо прыгадваць Леніна, да якога я стаўлюся без павагі, то ён казаў: «Учора было рана, заўтра будзе позна, сёньня — як раз». Ён разьлічваў, таму і быў правадыром. Вось гэта і павінная рабіць апазыцыя, а ня бегчы сьледам за нерэгуляваным народным выступам. Я не магу сказаць, асэнсаваная ці бессэнсоўная кроў, я не магу мераць так. Я магу сказаць, што роля апазыцыі ісьці наперадзе і стрымліваць людзей ад стратаў, якія бессэнсоўныя на іх погляд.

Дракахруст: Дзьмітры, Міхаіл працытаваў Леніна. Але на гэта можна сказаць, што, умоўна кажучы, Статкевіч, Лябедзька, Рымашэўскі і іншыя менавіта так і разьлічваюць, як Ленін, наконт сваіх акцыяў — ўчора было рана, заўтра будзе позна, а сёньня як раз. Можа яны як раз такія «леніны сёньня»?

Галко: Як вядома, для Леніна лютаўская рэвалюцыя сталася абсалютна нечаканай, ён прыехаў ужо постфактум, яна была для яго сюрпрызам. Я тут не праводзіў бы паралелі з рэвалюцыяй 1917 году, бо яны вельмі нацягнутыя. Гэта сытуацыя доўгага і, як я спадзяюся, стратэгічнага грамадзянскага пратэсту, які будзе дамагацца пэўных прамежкавых мэтаў, а ня тое, што мы зьменім краіну за дзень ці за вечар.

Ва ўмовах дыктатуры апазыцыя проста ня можа быць іншай, акрамя як слабай.

Я хацеў бы некалькі словаў сказаць у абарону апазыцыі, нягледзячы на ўсе яе хібы, нягледзячы на ўсе заганы, бо добра ведае і Міхаіл, у якіх умовах існуе апазыцыя ў Беларусі. Ва ўмовах дыктатуры апазыцыя проста ня можа быць іншай, акрамя як слабай. Могуць быць партызанскія атрады ці як у Нэльсана Мандэлы, які і сапраўды быў тэрарыстам, вёў узброены супраціў, але для гэтага ў нас няма ўмоваў. У нас палітычны пратэст можа быць толькі ў выглядзе дысыдэнцкага руху. Калі мы прад’яўляем прэтэнзіі, то мы павінны мець на ўвазе, павінны памятаць, што гэтыя людзі захоўвалі ўсе гэтыя гады агонь альтэрнатывы і за гэта мы павінны падзякаваць ім, бо гэтыя людзі пацярпелі вельмі шмат. Статкевіч сядзеў 5 гадоў у турме, а не ў санаторыі КДБ.

Адліга і Майдан

Дракахруст: Шмат хто зараз гаворыць наконт беларускіх пратэстаў, ці гэта Майдан ці не Майдан. Але мы не зважаем, што ў сьвеце адбываецца шмат сацыяльных пратэстаў, якія так і застаюцца сацыяльнымі, а ні ў якія Майданы не пераўтвараюцца. Толькі што ў Румыніі паўмільёна выходзіла на вуліцу, летась былі хваляваньні ў Казахстане, пазалетась Армэнію тры месяцы трэсьлі пратэсты — нічога з гэтага не было Майданам і нічога не трансфармавалася ў Майдан. Калі пра Беларусь пытаюць, ці Майдан гэта, ці не Майдан, дык можа быць гэта проста памылка зроку?

Валодзін: На мой погляд, так і ёсьць. Недарэчна як казаць пра Майдан, гэтак і пра адлігу, пра што я і напісаў. Пра адлігу гавораць другі раз за апошні час — казалі ў 2010 годзе, кажуць цяпер. Тэрмін «адліга» ўзьнік у эпоху Хрушчова і зь ім і скончыўся. Хрушчову трэба было разбурыць Сталіна ў галовах людзей — з гэтага пачалася адліга. А калі чалавек чвэрць стагодзьдзя ва ўладзе і ён то ўключае абагравальнік, то маразільнік — гэта не адліга, гэта зіма з перападамі тэмпэратураў.

Дракахруст: Але ў прыродзе адліга — гэта менавіта тое, што вы сказалі, гэта зьмена надвор’я зімой, калі на пэўны час робіцца крыху цяплей. Калі разглядаць хрушчоўскую адлігу ў кантэксьце ўсёй гісторыі савецкай сыстэмы, то сыстэма заставалася нязьменнай, «зімовай» і ў ёй адбылася менавіта адліга. Можа і цяпер таксама адбылася менавіта адліга. Былі палітвязьні — іх не стала, білі на дэманстрацыях — перасталі біць, цяпер ізноў сталі біць. Але гэта адліга і ёсьць, гэта не вясна.

Валодзін: Думаю, што для мяне і для большасьці людзей майго пакаленьня тэрмін «адліга» выразна прывязаны да хрушчоўскай адлігі, гэта ня проста — больш мяккая ці больш жорсткая палітыка.

У дадзеным выпадку чалавек адзін, ён не зьмяняецца, і чалавек гэты — вельмі спрактыкаваны палітык. Цяпер ён пастаўлены ў неверагодна цяжкія ўмовы, і параўноўваць з Армэніяй і тым больш з Румыніяй, немагчыма. Цяперашнюю сытуацыю немагчыма параўноўваць нават з 1989 годам.

Часта кажуць, што выйшлі б 100 тысячаў чалавек і ўсё зьмянілася б. Глупства гэта ўсё. Напачатку 90-х у Беларусі па 100 тысячаў чалавек выходзілі на Плошчу. А хто гэта дазволіў? Дазволіла сытуацыя. Была рэвалюцыйная сытуацыя ў СССР, і Менск па-ранейшаму — і апазыцыя, і Зянон Пазьняк, і партыйнае кіраўніцтва краіны — падначальваліся ў галовах Маскве. А ў Маскве ў той час думалі, што ўсё ў парадку. Калі курцы перакрылі праспэкт у Менску ад будынку КДБ да крамы «Тытунь», іх не разагналі, а падвезьлі цыгарэт «Прыма», якіх не было. Паспрабавалі б цяпер курцы перакрыць праспэкт.

Галко: Што тычыцца Майдану, безумоўна ніякіх паралеляў з Майданам ня можа быць. Увогуле Майдан — гэта такая спэцыфічная ўкраінская форма пратэсту, нават традыцыйная. Гэта форма палітычнага ціску, форма палітычных перамоваў — часткова публічных і часткова закулісных. Мы цяпер кажам Майдан, і маем на ўвазе нейкую крывавую і палымяную рэвалюцыю. На самой справе ён выпадкова ў яе перарос, ніякія лідэры яе не чакалі, не рыхтавалі, то бок Майдан — гэта фактар палітычных перамоваў, а у нас гэтыя палітычныя перамовы немагчымыя, таму што няма суб’екту.

Міхаіл кажа, што ў нас ёсьць адзін чалавек і ён, маўляў, ня можа ўнутры сабе правесьці адлігу. Не, гэта няпраўда, чалавек не адзін, мы з вамі даволі даўно гаворым пра існаваньне пэўных груповак ва ўладзе, пра празаходнюю групоўку Макея і групоўку сілавікоў.

Чаму адліга? Гэта ня проста, што перасталі саджаць, перасталі перасьледаваць і біць, а зараз ізноў пачалі, яна значна глыбейшая. Па-першае, гэта публічнае зьяўленьне гэтых груповак і канфлікт паміж імі, то бок улада перастала быць маналітнай, гэта ўжо сур’ёзная зьмена ў сыстэме, пэўныя спрэчкі былі калісьці па георгіеўскіх стужках, потым па Курапатах, а гэта больш сур’ёзная зьява, чым проста перасталі хапаць і зноў пачалі хапаць.

Ідзе адліга і яна выкліканая зразумелымі ўмовамі, бо вельмі завышаныя патрабаваньні з боку Расеі, на якія Лукашэнка ня можа пайсьці. Мне здаецца, што ўмовы ставяцца Масквой у фармаце «ўсе альбо нічога» і вельмі высокія магчымасьці дамовіцца з Захадам. Сытуацыя адрозная ад 2010 году і яна па-іншаму будзе разьвівацца адпаведна.

Што будзе 25 сакавіка?

Дракахруст: У мяне ў свой час было пытаньне пра 2010 год — ці маглі падзеі пайсьці па крыху іншым сцэнары? Вось зьбіраецца Плошча, выскоквае АМАП, разганяе народ, захоплівае 600 чалавек і яны атрымліваюць па 15 сутак. Праз 15 сутак яны ўсе выходзяць на свабоду ўключна з кандыдатамі ў прэзыдэнты і цалкам магчыма, што не адбылося б таго вялікага павароту, у тым ліку ў стасунку з Захадам, той ночы рэакцыі, якая працягвалася некалькі гадоў. Можа зараз падзеі пойдуць па гэтым іншым, альтэрнатыўным сцэнары 19 сьнежня 2010 году?

Галко: Гэта цалкам верагодна. Я ня веру ў такі маштабны разгром. Будзе нешта, што мы бачылі 15 сакавіка, а магчыма не будзе нават і таго. Бо людзей будзе вельмі шмат і там цяжка будзе такія хапуны ладзіць, магчыма, нехта атрымае 10-15 сутак, яны выйдуць, пратэсты працягнуцца. Пратэсты я ўспрымаю як форму дыялёгу, працягнецца дыялёг, у яго ўжо ёсьць дасягненьні, нават тая ж самая адліга, пра якую мы гаворым, у якую толькі Міхаіл ня верыць.

Дракахруст: Можа ён адзін паміж усіх мае рацыю.

Валодзін: Я ведаю, што для нашай ўлады пытаньне ўлады — найважнейшае, яна зь ёй не разьвітаецца проста так.

Дракахруст: Міхаіл, гэта хутчэй за ўсё справядлівае назіраньне. Але не заўсёды зразумела, што практычна лепш для захаваньня ўлады. Вернемся у сьнежань 2010 году і паглядзім на сытуацыю вачыма ўлады. Прыходзяць на Плошчу дзесяткі тысячаў людзей, гэта пагроза ўладзе і мы павінны яе ліквідаваць — мы кідаем АМАП, мы затрымліваем самых актыўных і прадухіляем пагрозу для нашай улады. Прыходзіць наступны дзень, ніякага працягу масавага пратэсту, няма намётаў на Плошчы, на ёй замест дзесяткаў тысячаў чалавек 20, пагрозы ўжо ніякай няма.

Чаму нельга было вырашыць — «даем усім па 15 сутак і ідзіце, хлопцы і дзеўкі, па дамах»? Хіба гэта не было б абаронай рэжыму, сыстэмы, да таго ж без канфлікту з Захадам, безь міжнароднай ізаляцыі?

Валодзін: Шчыра кажучы, я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. Я проста магу сказаць, што тады ў адрозьненьні ад апазыцыі улада добра падрыхтавалася да гэтай падзеі, АМАП сядзеў у будынку, у якім разьбівалі шыбы, былі людзі, якія іх разьбівалі. Уладзе трэба было тое, што адбылося, а чаму і навошта, тут я не ведаю.

Дракахруст: А зараз як яна будзе дзейнічаць — гэтак жа ці інакш?

Валодзін: Я ведаю толькі адно, што гэтая ўлада разумее толькі сілу, ніякіх разумных думак яна прыняць не можа, сіла і ёсьць сіла. Калі тысяча чалавек выйшла — гэта ня сіла. І тры і пяць тысячаў — гэта не сіла. Значыць, казаць няма пра што, прыслухоўвацца да гэтых 5 тысячаў чалавек ніхто не будзе.

Улада ў цяжкой сытуацыі, яна ня можа проста сказаць «не, мы зноў з Расеяй», Расея ставіць непрымальныя ўмовы. Як ўлада павядзе сябе, у дадзеным выпадку я не магу прадказваць.

Я магу казаць пра тое, як павінна сябе паводзіць апазыцыя. Улада прызначыла «дармаедамі» 470 тысячаў. Чаму апазыцыя не ўзяла на сябе ролю каардынатара, ня стала Гандзі, не знайшла сьпісы тых 470 тысячаў і да кожнага не данесла думку — не плаціце падатак.

Дракахруст: Міхаіл, можа вы ня ў курсе, ня ведаеце ініцыятывы прафсаюзу РЭП, які сабраў 60 тысячаў подпісаў супраць дэкрэту. І гэта ня некалькі тысячаў на вуліцы. Так што сказаць, што ніхто нічога не рабіў, гэта ня так.

І той вынік, пра які вы кажаце, атрымаўся і безь вялікай каардынацыі з боку апазыцыі. На 20 лютага, калі быў дэдлайн выплаты гэтага падатку, аплаціла 10% ад гэтых 470 тысячаў. Па выніку гэта быў бліскучы байкот, праўда ён быў у невялікай ступені арганізаваны апазыцыяй. Але ён атрымаўся, хіба не ўпершыню ў гісторыі Беларусі атрымаўся байкот.

Валодзін: Цудоўна. Пасьля гэтага ідзе ліст, што так будзе далей, што далей ніхто вам плаціць не будзе гэтых грошай. У гэтым для мяне роля апазыцыі, а не вывесьці людзей на вуліцу. Я жыву тут ад нараджэньня і назіраю ўсё гэта. І я ня веру ў тое, што цяпер новая эра, гэта ўсё, прашу прабачэньня, балбатня.

Дракахруст: Дзьмітры, як вы ставіцеся да тэзісу пра арытмэтыку: тысяча — гэта не істотна, тры ці пяць тысячаў — гэта неістотна?

Галко: Па-першае, істотна і 5000. Па-другое, 25 сакавіка будзе болей. Па-трэцяе, я хачу сказаць, чым яшчэ адрозьніваецца цяперашняя сытуацыя ад сытуацыі 2010 году — цяпер няма ніякай дамоўленасьці з Расеяй. Гэта самае важнае і яна, хутчэй за ўсе, ў найбліжэйшы час ня можа быць дасягнутая.

Бо, як сказаў Міхаіл, зь якім я ў гэтым згодны, умовы непрымальныя, а недасягнутая дамоўленасьць з Расеяй — гэта проста жыцьцёвая неабходнасьць дамаўляцца з Захадам. Таму я лічу, што ўсе скончыцца вельмі мірна. Міхаіл баіцца разгрому, а я лічу, што разгрому не будзе. Тады чаму не выходзіць, чаму не патрабаваць далей? Калі ня выйсьці, то ня будуць ні на якія подпісы рэагаваць, яны і на подпісы рэагуюць таму, што людзі выходзіць пачалі. То бок адно другому не супярэчыць, а наадварот гэтая зьвязка вельмі важная.