Ва ўкраінскім падручніку замежнай літаратуры для вучняў 7 клясы пераблыталі партрэт Васіля Быкава

Ва ўкраінскім падручніку замежнай літаратуры для вучняў сёмай клясы замест партрэта беларускага пісьменьніка Васіля Быкава зьмясьцілі фатаздымак Аляксея Мэстэргазі, які да Другой усясьветнай вайны працаваў у галоўным упраўленьні землеўпарадкаваньня Народнага камісарыяту земляробства СССР.

Такую памылку ў падручніку заўважыў уласны карэспандэнт газэты «Народная воля» ва Ўкраіне Аляксандар Цынкевіч і напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook.

«Пагартаў падручнік дачкі па замежнай літаратуры за 7 клясу. Захацелася паглядзець, што цяпер нашы дзеці вывучаюць па літаратуры. Даволі цікавыя аўтары ў праграме. Там і Дыяна Уін Джонс, Эдгар По, Артур Конан Дойл з Гэрбэртам Уэлзам, Фрыдрых Шылер, Адам Міцкевіч і, вядома ж, Аляксандар Пушкін, шэраг іншых ня менш славутых аўтараў, а ў канцы падручніка ўбачыў нават Айзэка Азімава з Карнэліяй Функе. Сярод такога зорнага аўтарскага складу апынуўся і беларус Васіль Быкаў. Адкрыў, паглядзеў, што там Быкава праходзяць. Прыгледзеўся, а Быкаў несапраўдны. Фота аказалася зусім іншага чалавека», — напісаў журналіст.

Паводле яго, падручнік надрукаваны ў 2015 годзе пад рэдактарствам Яўгеніі Валашчук і Алены Слабадзянюк. «Пагугліў і выявілася, што пад імем Васіля Быкава ў падручніку намаляваны Аляксей Уладзіміравіч Мэстэргазі», — дадаў Аляксандар Цынкевіч.

Апроч таго, рэдактары выданьня пры апісаньні біяграфіі Васіля Быкава называюць краіну ягонага нараджэньня і паходжаньня «Білоруссіей». У артыкуле таксама ня згадваецца факт з жыцьця Васіля Быкава, які зьвязваў яго з Украінай — ён у 1944 годзе ўдзельнічаў у баях пад Кіраваградам (цяпер горад Крапіўніцкі) і лічыўся загінулым. На абэліску ў вёсцы Севярынка нават было выбітае ягонае імя. У сярэдзіне 60-гадоў мінулага стагодзьдзя Васіль Быкаў наведваў гэтыя мясьціны і ўскладаў кветкі да абэліску сваім палеглым пабрацімам.

Яўгенія Валашчук зьяўляецца ўкладальніцай некалькіх падручнікаў па замежнай літаратуры — для вучняў 5, 6 і 7 клясаў. Усе яны рэкамэндаваныя Міністэрствам адукацыі ды навукі для вывучэньня ў школах. На адным з украінскіх інтэрнэт-сайтаў, на якіх можна набыць або запампаваць падручнікі Яўгеніі Валашчук, абвяшчэньні суправаджаюцца наступнай рэцэнзіяй:

«Падручнік, аўтарка якога Валашчук — гэта зборнік найлепшых твораў, біяграфіі пісьменьнікаў, якія іх напісалі. Таксама вы пазнаёміцеся са шматлікімі літаратурнымі зьявамі і тэрмінамі».