Як распавёў Свабодзе лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, разам з 10 тысячамі подпісаў, сабраных за месяц шасьцю актывістамі, у Мінкульт падалі і ўласна бела-чырвона-белы сьцяг.
«Подпісы прынялі, зарэгістравалі. Патлумачылі, што іх, магчыма дададуць да электронных подпісаў, бо электронны зварот быў аўтаматычна накіраваны 22 кастрычніка, пад ім падпісаліся 2300 чалавек. І плюс 10 540 подпісаў мы прынесьлі. Іх было больш, але адзін наш сябра не дайшоў.
Апроч гэтага, прынялі бела-чырвона-белы сьцяг. Я прачытаў адзін з ранейшых адказаў Мінкульту па гэтай тэматыцы: было напісана, што няма сьцяга, які можна было б паглядзець. Таму да подпісаў мы далучылі сьцяг».
«І гэта ня проста там нейкая пратэставая акцыя, — кажа Дашкевіч пра збор подпісаў на вуліцы. — Сапраўды гэта камунікацыя зь людзьмі, калі тысячы людзей даведваюцца пра сьцяг, пераступаюць праз свой страх, падпісваючы зварот».